Сёння - Дзень беларускага кіно

17 декабря 2018

Афіцыйна сваё свята айчынныя кінематаграфісты адзначаюць з 1994. Годам жа нараджэння нацыянальнага кіно завуць 1926. Тады ў снежні ў кінатэатры "Культура" па вуліцы Валадарскага ў Мінску паказалі прэм'еру "Лясной былі".

Расказвае Наталля Бардзілоўская.

Нямое кіно. Чорна-белыя рэтракадры. На экране - наша гісторыя. Станаўленне беларускай дзяржавы ў 20-х мінулага стагоддзя. Падобны да хронікі паўтарагадзінны аповед пра адну з галоўных аперацый Чырвонай арміі. Вызваленне Беларусі ад акупантаў. Уваход у Мінск чырвоных кавалерыстаў і ўстанаўленне тут савецкай улады. Дакументальнасць падзей умоўная. Фільм мастацкі і на прыкладзе галоўнага героя паказвае, як просты чалавек на хвалі падзей можа пераўтварыцца ў сапраўднага патрыёта.

З гэтым кадрам звязаныя знакавыя здымкі. Галоўны герой з адказным выглядам стаіць на пасту і ахоўвае штаб Чырвонай арміі, а ў ім засядаюць сапраўдныя персанажы рэвалюцыі. Эксперымент удаўся. Адважныя рэвалюцыянеры аказаліся неблагімі артыстамі.

Чарвякоў, Адамовіч, Кнорын - рэальныя палітыкі, высокія прадстаўнікі наменклатуры зняліся ў стужцы ў ролях партызанскіх камандзіраў. Зняліся не дзеля забавы, а ў падтрымку беларускага кіно! Справа ў тым, што першапачаткова грошы на фільм былі выдзеленыя мінімальныя. Зацікаўленыя ў развіцці айчыннага кінематографа партыйныя дзеячы спрыялі павелічэнню кінабюджэту ў праекта рэжысёра Юрыя Тарыча.

Для здымак купілі прафесійную кінатэхніку ў Германіі. Дакладна арганізавалі працу дапаможных службаў. На кіно рабілі вялікую ідэалагічную стаўку. Яно ж было аб'яўлена "найважнейшым з мастацтваў". "Лясная быль" дэбютавала паспяхова. Але ў

37-м многіх герояў прыбралі з кінакадра.

Гістарычнае фота, якое адлюстравала тройку першых беларускіх партыйцаў, як і ўвесь фільм, здымалася вось тут. Дваццаць кіламетраў ад Мінска. Прылукі. Сядзіба Гутэн-Чапскіх.

Цяпер у гэтым доме месціцца Беларускі навукова-даследчы інстытут аховы раслін.

За амаль стагоддзе тут былі знятыя з тры дзясяткі стужак самых розных жанраў. "Паляванне на гаўляйтара", "Вольф Месінг", "Залатыя нажніцы". Многія з кінапраектаў яшчэ знойдуць тут, у старажытных інтэр’ерах і векавым парку, сваю здымачную пляцоўку. Першай жа ў гісторыі нашага кінематографа і ўвогуле ў нашай гісторыі застанецца стужка, прысвечаная крокам станаўлення нашай дзяржавы.