Сёння будзе прэзентаваны парадны партрэт Міхаіла Казіміра Агінскага

23 сентября 2016

Сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі будзе прэзентаваны парадны партрэт Міхаіла Казіміра Агінскага. Карціну ўжо перанеслі з фондаў у выставачную залу і падрыхтавалі да вернісажа. Партрэт дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, будаўніка Агінскага канала, мецэната і кампазітара захоўвае ў сабе нямала загадак.

Заслону таямніцы падняла Іна Пілевіч. Жартам яго звалі Гетман-кларэнт. Менавіта так ахрысцілі дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай Міхаіла Казіміра Агінскага за любоў да мастацтва. Генерал-маёр, кампазітар, паэт, мецэнат, некаторыя даследчыкі ўпэўненыя, што менавіта ён вынайшаў падножку для арфы. Сёння выява вялікага літоўскага гетмана ўсяго на некалькі дзён у зале Нацыянальнага мастацкага музея.

Амаль двухметровае палатно ўваходзіць у лік 50 шэдэўраў галоўнага сховішча жывапісу краіны. Партрэт захоўвае ў сабе шмат загадак. Да гэтага моманту дакладна невядома, калі і кім карціна была напісаная. Меркавана, аўтарства належыць дрэздэнскай мастачцы Ганне Разіне Лішэўскай. Мастацтвазнаўцы мяркуюць, што яна напісала выяву Міхаіла Казіміра, калі той у 1754 годзе прыехаў у Германію для атрымання вышэйшай узнагароды Рэчы Паспалітай - ордэна Белага арла. Амаль паўтары сотні гадоў парадны партрэт захоўваўся ў рэзідэнцыі Агінскага ў Слоніме, затым патрапіў у музей. А ў гады Вялікай Айчыннай вайны карціна перажыла фашысцкі палон.

Валявы і ўпэўнены генерал-маёр літоўскіх войскаў намаляваны ў поўны рост. Агінскі стаіць у ярка-чырвоным кафтане з булавой у руцэ, са шпагай і ордэнам Белага арла. Відавочна, што мастак імкнуўся ўславіць ваенную доблесць намаляванага. Пра гэта гаворыць тэатральнасць і дэкаратыўнасць кампазіцыі. Праўда, воінскія поспехі Міхаіла Казіміра былі вельмі малаважныя - прайграў у бітве з Суворавым у 1771 годзе.

Парадны партрэт гетмана будзе прэзентаваны пад музыку траюраднага пляменніка. Міхаіл Клеафас Агінскі - аўтар знакамітага паланезу - рэгулярна ладзіў канцэрты ў рэзідэнцыі ўплывовага дзядзькі.