Сёння Вялікі тэатр Беларусі адкрывае балетны марафон

17 июня 2015

Аматары танца змогуць на працягу тыдня ацаніць як класічныя, так і сучасныя пастаноўкі. У афішы - зоркі сусветнай харэаграфіі і прэм'еры адыходзячага сезона. Больш падрабязна  Іна Пілевіч.

Дзевяць  балетаў  за тыдзень. Сёння Вялікі тэатр Беларусі ўжо  другі раз праводзіць харэаграфічнае лета. Фестываль адкрыецца класікай - "Лебядзіным возерам". Партыю Адэты-Адыліі выканае прыма Крамлёўскага балета Аляксандра Цімафеева.

Вядучая салістка на фестывалі з'явіцца двойчы. Выканае партыю Жар-птушкі ў аднайменным балеце. Таксама на першую лінейку нашай сцэны выйдуць прымы і прэм'еры Міхайлаўскага, Тбіліскага тэатраў, калектыву з Санкт-Пецярбурга імя Якабсона. Прафесіяналам дастаткова ўсяго адной рэпетыцыі, каб станцавацца  з беларускай балетнай трупай. 

Юрый Траян, мастацкі кіраўнік балета Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі: "У нас ёсць моцныя, яркія выканаўцы. І мы паказваем прыезджых балерын, якія выдатна танцуюць. Яны маюць вялікае міжнароднае імя. Гэта і Лалі Кандэлакі, і Кацярына Борчанка, якая, дарэчы, пачынала танцаваць у нас".

Акрамя класікі, гледачоў чакаюць танцавальныя эксперыменты. У праграме - вечар сучаснай харэаграфіі. Зоркі беларускага балета выйдуць на сцэну без традыцыйных беласнежных пачак, пуантаў і пакажуць мадэрн. У афішы і тэматычны вечар, прысвечаны творчасці рускага харэографа, рэфарматара балета Міхаіла Фокіна.          

Фінальным па балетнага лета стане гала-канцэрт. Ён збярэ зорак сусветнай сцэны з Азербайджана, Беларусі, Германіі, Фінляндыі, Швецыі, Эстоніі. У праграме як нашумелыя харэаграфічныя мініяцюры, так нумары з класічных спектакляў.