Сёння Беларусь успамінае народную артыстку Зінаіду Браварскую

31 августа 2016

Легенда Купалаўскага тэатра пайшла з жыцця ў 2005-м, пакінуўшы пасля сябе сотні ўпадабаных вобразаў. Актрыса, рэжысёр і педагог да апошніх дзён была адданая сваёй справе і не пакідала сцэну. У дзень стагоддзя з дня нараджэння Браварскай рэпартаж аб далікатнай жанчыне са стальным характарам.

Расказвае Вольга Мядзведзь.

Дзяўчынка з Адэсы стала народнай артысткай Беларусі. Мастацтва было ў ёй з дзяцінства. Спачатку музыка, а потым на ўсё жыццё тэатр. Браварскую, студэнтку Інстытута тэатральнага мастацтва імя Луначарскага, майстэрству навучалі знакамітыя Тарханаў і Плотнікаў. Але пасля выпуску ў Маскве яна не засталася і паехала ў Мінск за мужам. Першай актрысу сустрэла пляцоўка ЦЮГа.

Праз год, у 1938-м, яна ўжо у трупе БДТ-1, але таксама не надоўга - да пачатку вайны. З франтавым тэатрам Браварская выступіла практычна на ўсіх франтах, пад бамбёжкамі і абстрэламі. А потым зноў вярнулася ў Купалаўскі і больш ніколі не расставалася з ім.

Больш за сотню герояў і 40 самастойных рэжысёрскіх пастаноў. Браварская была і ў тэатры, і ў кіно, і на радыё. Энергічная актрыса яшчэ ў 70 гадоў з лёгкасцю дэманстравала стойку на галаве без апоры. А як кіраўнік была вельмі суровым крытыкам. Але да маладога пакалення адносілася па-мацярынску. З-пад яе выкладчыцкага крыла разляцелася мноства народных і заслужаных артыстаў.

Два мінскія скрыжаванні сталі знакавымі для "стальной лэдзі". Тут па праве родны для артысткі тэатр, у які нават у апошнія гады жыцця яна хадзіла ў прамым сэнсе навобмацак, у актрысы значна пагоршыўся зрок. А праз пяцьсот метраў кватэра, дзе жыла Зінаіда Іванаўна. У доме па праспекце Незалежнасці, пад вокнамі Браварскай, адбылася самая галоўная трагедыя яе жыцця.

Пад коламі аўтамабіля гіне яе сын. Але ў гэты вечар Браварская павінна была выйсці да гледача, абстрагавацца ад рэальнасці. Народная артыстка наогул была задзейнічана ледзь не штодня ва ўсім рэпертуары.

Сваім студэнтам яна аддавалася так, як і тэатру. У аўдыторыі заўсёды з дзесяці да дзесяці, без перапынку на адпачынак. А потым яшчэ і сустрэчы ў яе кватэры. Маналогі, вершы, песні і ўрыўкі са спектакляў былі чуваць нават каля дзвярэй Зінаіды Браварскай.