Сёння - 95 гадоў са дня нараджэння Івана Шамякіна

30 января 2016

Народны пісьменнік, акадэмік, лаўрэат Сталінскай прэміі і Герой Сацыялістычнай Працы - ён пры жыцці быў нададзены званнямі і ўзнагародамі. Але самае галоўнае, што засталося пасля яго, - гэта кнігі, у якіх расказаная ўся праўда аб Вялікай Айчыннай вайне праз лёсы і характары людзей.

Большасць яго твораў экранізаваная. А паводле «Атлантаў і карыятыдаў» увогуле, зняты тэлесерыял. Але сам аўтар на тэле- і кінаэкраны не імкнуўся, таму так мала засталося дакументальнай хронікі, у якой яго жывы голас, жывы твар. Асабліва каштоўнай нам здалася знаходка ў архівах Белтэлерадыекампаніі. У працэсе алічбоўкі вось такіх касет мы знайшлі сапраўдны эксклюзіў – кадры 80-ых, на якіх – Іван Пятровіч Шамякін.

Запіс пасяджэння з Шамякіным паказалі у «Навінах» у 1980 годзе ў сціслым фармаце.На экране - сустрэча ў выдавецтве «Юнацтва» паміж друкарамі, пісьменнікамі і журналістамі. Прэзентуюць кнігу «Дзеці вайны» - збор твораў, у якім і Шамякіну было, што cказаць: сам франтавік, на Одэры сустрэў Вялікую Перамогу. А потым усё жыццё ў раманах і аповесцях пісаў хроніку ваенных гадоў.

"Глыбокая плынь", "Вазьму твой боль", "Трывожнае шчасце". А ўсяго 12 раманаў, 26 аповесцей, 10 п'ес і незлічона апавяданняў. Сёння яны ўключаныя ў 23 тамы збору твораў пісьменніка.

А тады, у 1981 годзе, за творчую «пладавітасць» і да ўласнага 60-годдзя Іван Шамякін да шматлікіх званняў атрымлівае Героя Сацыялістычнай Працы. Моманты таго юбілейнага ўшанавання - на дакументальных кадрах з архіваў БТ.

Званне народнага - усімі любімага - пацвярджае і шматлікая пошта пісьменніка. Дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва сёння захоўвае каля 300 тысяч лістоў Шамякіну з розных куткоў Савецкага Саюза.

Архіў Шамякіна – адзін з самых багатых у музеі. Пяць вопісаў – дзясяткі адзінак захоўвання: ад рукапісаў і аўтографаў да асабістых сямейных фотаальбомаў.

Сёння нашчадкі - дачкі і ўнучкі - усе філолагі, працягваюць дар літаратарства Івана Шамякіна.