Сёння - 80 гадоў з дня нараджэння Віктара Вуячыча

11 июля 2014

З яго барытонам асацыюецца лепшае ў песеннай спадчыне савецкай эпохі, хоць музычную адукацыю майстар эстрады атрымаў, калі быў ужо народным артыстам і меў усесаюзную славу. Сёння - 80 гадоў з дня нараджэння Віктара Вуячыча. Харкаўчанін, ён звязаў жыццё з Беларуссю, дзе атрымаў творчае развіццё і стаў адным з сімвалаў нацыянальнай песні. Наталля Бардзілоўская - пра галоўнае ў старонках біяграфіі артыста.


Песня, якая стала лёсавызначальнай. Памяць сэрца адкрыла дарогу на творчы Алімп амаль равеснікам - Ігару Лучанку і Віктару Вуячычу. У савецкія 60-я яны, дэбютанты ў лёгкім эстрадным жанры, узялі Гран-пры Першага ўсесаюзнага конкурсу ў Маскве, абышоўшы Мулермана і Кабзона.


Найвышэйшую ацэнку ўсесаюзнага конкурсу Вуячыч атрымае з рук самога Леаніда Уцёсава і стане ледзь не героем краіны: не кожнаму ж тады давяралі паказаць савецкую песню за мяжой. Лучанок і Вуячыч правезлі хіт па Лацінскай Амерыцы, дзе ім апладзіравалі легендарныя чылійцы Пабла Неруда, Віктар Хара і Сальвадор Альендэ.


Ён аб'ездзіў амаль паўсвету! Амерыка, Усход, Еўропа. Напэўна, адтуль і прывёз на савецкую беларускую эстраду еўрапейскі шык і касцюмы дэндзі. Вуячыч быў, бадай што, першы з савецкіх выканаўцаў, хто выйшаў на сцэну ў класічным фраку. Замест гальштука - заўсёды стыльная хустка. І сцэнічная манера - ва ўнісон з годнасцю, нетаропкая.


Вуячыч праспяваў большасць прэм'ер беларускіх песеннікаў. І дапамог на старце многім беларускім калектывам. Адзіны беларус у журы Усесаюзнага конкурсу, Вуячыч спрыяў землякам: Верасам, Песнярам, Юрыю Антонаву… Хто б толькі падумаў, што артыст у зеніце ўсесаюзнай славы не меў дыплома прафесійнага музыканта. Адукацыю Віктар Лукьянавіч атрымае амаль у 40 гадоў у Мінскім музычным вучылішчы імя Глінкі.


На сем гадоў раней за Алу Пугачову Вуячыч узяў балгарскі Залаты Арфей. А ў канцы 80-х стаў на чале настальгічнага фестывалю - Залатога шлягера ў Магілёве. З жыцця Віктар Лук'янавіч Вуячыч пайшоў ва ўзросце 65 гадоў.