Сёння 76-я гадавіна з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна

12 января 2017

Легендарны музыкант ХХ стагоддзя ўвайшоў у гісторыю як заснавальнік самага вядомага вакальна-інструментальнага ансамбля "Песняры". Таленавіты кампазітар збіраў беларускі фальклор у глыбінках і, дадаючы аранжыроўкі, ствараў несмяротную музыку.

Да Мулявіна так не працаваў ніхто. Беларускі фальклор ён выконваў у рокавай манеры. У 60-я, калі свет быў ахоплены бітламаніяй, гэтае захапленне не прайшло і міма "Лявонаў". Як і заходнія куміры, яны падпісвалі свае барабаны. Значным для калектыву стаў 1969 год. Тады "Лявоны" сталі "Песнярамі". У 70-я яны ўжо калясілі са сваім турам па ЗША, а заходнія таблоіды стракацелі артыкуламі пра музычны феномен.

Як таленавіты аранжыроўшчык, свае творы Мулявін выношваў у галаве, на рэпетыцыях раздаваў асобныя партыі пад кожнага выканаўцу. Вось і адказ на пытанне, чаму не захавалася мулявінскіх партытур.

Музей памяці Мулявіна размешчаны ў Белдзяржфілармоніі. Сцены гэтага храма музыкі памятаюць узыходжанне песняра. Тут музычная спадчына заснавальніка ВІА: канцэртныя касцюмы, інструменты, асабістыя фота і нават кабінет кампазітара. Менавіта тут Мулявін стварыў рок-оперу "Гусляр".

І толькі нядаўна высветлілася: першы запіс у працоўнай кніжцы песняра з'явіўся, калі яму было не 18, як лічылі раней, а 16 гадоў. Мулявін працаваў у эстрадным аркестры Тагіла. Тады ж першая жонка Лідзія Кармальская стала яго музычным тылам. 16 гадоў яны былі разам на адной пляцоўцы: ён у жанры фолк-рока, яна - мастацкага свісту.

Сёння, у дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна, Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры" дасць сольны канцэрт у Белдзяржфілармоніі.