Сёння 160 гадоў з дня нараджэння беларускага мастака Юдэля Пэна

5 июня 2014

Ён адкрыў талент Марка Шагала і адзіны ў свеце, хто напісаў яго партрэт. Сёння спаўняецца 160 гадоў з дня нараджэння беларускага мастака і педагога Юдэля Пэна. Ён - настаўнік, які выхаваў цэлую плеяду таленавітых вучняў, акрамя Шагала, Азгура, Цадкіна, Лісіцкага.


Наталля Бардзілоўская пра мастака.


Нацыянальны мастацкі музей захоўвае калекцыю з трыццаці работ Пэна. Сярод іх адзіны ў свеце рэалістычны партрэт Марка Шагала. Заснавальнік Віцебскай мастацкай школы, Пэн выхаваў не адзін дзясятак вучняў, якія сталі знакамітымі. Пісаў ён іх усіх. Але Шагалам, бадай, ганарыўся больш за ўсё.


У дзяцінстве сірата-чаляднік маляра, у юнацтве - студэнт Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, Пэн - выхаванец рускіх перадзвіжнікаў. Не проста мастак-рэаліст, а прадаўжальнік ідэй народніцтва, укаранення высокага мастацтва ў просты люд. Вярнуўшыся з Пецярбурга ў Віцебск, ён стварыў прыватную школу малявання для бедных, пазней ператвораную ў Віцебскае мастацкае вучылічша.


Дарэчы, наш сучаснік, народны мастак Леанід Шчамялёў, заспеў часы старых пэнаўскіх майстэрань і бачыў самога Пэна!


Як мастак Пэн - класік-акадэміст, які пакінуў пасля сябе сотні работ. У партрэтах яго пэндзля вобразы простых людзей: краўцоў, шаўцоў, гадзіншчыкаў…


Майстар партрэта Юдэль Пэн пакінуў цэлую галерэю аўтапартрэтаў. Сярод чатырнаццаці работ, у якіх мастак намаляваў самога сябе, асаблівае месца займае Аўтапартрэт з Музай і смерцю, у якім аўтар філасофствуе аб галоўных сэнсах і сімвалах у сваім жыцці.


Хто тая Муза на знакавай карціне, дакладна невядома. Пэн не меў сям'і, але не быў адзінокі, яго захапляла жаночая прыгажосць. Дастаткова зірнуць на галерэю рамантычных жаночых партрэтаў, на якіх прыгожыя незнаёмкі. У гэтым жа аўтапартрэце быццам прадчуванне аўтара ўласнага заўчаснага канца. Мастак загінуў пры нявысветленых акалічнасцях.