Сёння 110 гадоў з дня нараджэння Эддзі Рознера, аднаго з найпапулярнейшых джазавых артыстаў савецкага часу

26 мая 2020
Званне заслужанага артыста БССР яму прысвоілі ў ліку першых. Біяграфію імправізатара і кампазітара пакажуць у ранішніх праектах на "Беларусь 3".  Што павінны памятаць і ведаць аб стваральніку Белдзяржджаза? 

Расказвае Лідзія Заблоцкая.


110 гадоў з дня нараджэння Эддзі Рознера 

Ён імкнуўся перайграць самога Луі Армстранга, але ў барацьбе дзвюх труб 30-х гадоў Амерыка аказалася мацнейшай за Еўропу. Рознер стаў другім джазменам у свеце на конкурсе ў Мілане. Немец з яўрэйскімі каранямі пасля аглушальных поспехаў у Францыі ўцёк ад фашыстаў і разам з сям'ёй апынуўся на беларускай тэрыторыі.

Яго імправізацыяй з заходнім акцэнтам захаплялася вышэйшае партыйнае кіраўніцтва. Далі зялёнае святло джазаваму патоку на савецкую сцэну. Падчас вайны Рознер іграў лёгкі свінг для 1-га Беларускага фронту пад кіраўніцтвам Ракасоўскага. Разам з музыкантам - цэлы джаз-аркестр, першы ў Беларусі. А пасля рэпрэсій і шасці гадоў у ГУЛАГу музыкант змог вярнуць і былую папулярнасць. Мабыць, кожны ведаў яго аркестр па "Карнавальнай ночы" з Гурчанкай.


Праекты аб жыцці Рознера - на "Беларусь 3" 


Беларускія пляцоўкі слухалі якасны джаз ад Рознера на працягу 30 гадоў. Ён доўгі час быў штатным супрацоўнікам Гомельскай філармоніі, выступаў нават у калгасах. А ў 70-х змяняецца пласцінка. У трэндзе - ВІА. Рознер вярнуўся ў Германію, а яго імя ўсяляк выдаляецца з афіш. Сёння на "Беларусь 3" у ранішнім прайм-тайме адразу ў двух праектах успомняць падрабязнасці жыцця Залатой Трубы ў Беларусі.