Зборнік - альбом аўтэнтычных рэцэптаў ствараюць у Полацкім раёне

21 февраля 2018

У аснове - даследаванне мясцовых страў. Інтэрактыўны праект аб'яднаў жыхароў вёсак, краязнаўцаў, работнікаў культуры і, вядома, журналістаў. У меню самыя разнастайныя стравы: полацкія цыбрыкі, крупяныя бліны і старажытныя напіткі. Многім рэцэптам сотні гадоў.

Беларускую кухню пакаштавала Марына Раманоўская. Марыя Ракіцкая рэцэпт цыбрыкаў добра ведае яшчэ з маленства. Гэту страву ў яе сям’і часта гатавалі на вячэру. Да стала падавалі са смятанай. Тэхналогію прыгатавання і зараз добра ведаюць гаспадыні ў вёсцы Багатырская. Менавіта з цыбрыкаў у Полацкім раёне стартаваў смачны праект, у аснове якога вывучэнне мясцовых страў.

Раней цыбрыкі ўмелі гатаваць у многіх беларускіх вёсках. Асноўны інгрэдыент - бульба. Гаспадыні з Полацкага раёна яе абавязкова адварвалі. У якасці начынкі часцей за ўсё выкарыстоўвалі грыбы.

Вясковыя жыхары, даследчыкі, журналісты - праект аб’ядноўвае вялікую колькасць удзельнікаў. Вынікам агульнай працы стане тэлепраграма мясцовага тэлебачання і зборнік - альбом аўтэнтычных рэцэптаў. Акрамя цыбрыкаў у меню крупяныя бліны, стравы з малака, мёду, свежына. Гатаваць стравы будуць, як і шмат гадоў таму, у сапраўднай печы.

Праект інтэрактыўны. Даведацца рэцэпт, напрыклад, раўгені, а гэта напітак на аснове жытняй мукі, можна будзе ў спецыяльным відэаблогу ў Інтэрнэце. За музычнае афармленне культурна-гастранамічнага эксперымента адказваюць творчыя калектывы Полацкага рэгіёна.

Праект будзе доўжыцца на працягу года. Усе стравы, якія ўключаць у зборнік, можна будзе пакаштаваць падчас выставы-дэгустацыі. Хутчэй за ўсё, смачная ідэя прыйдзецца даспадобы і турыстам, якія любяць старажытны Полацк, у тым ліку і за гасціннасць.