Самы вядомы магнацкі род Беларусі - Радзівілы

16 ноября 2013

Іх звалі некаранаванымі каралямі Вялікага Княства Літоўскага. А іх валоданні - радзівілаўскай дзяржавай. З прадстаўнікамі гэтага роду звязана вельмі шмат легенд. Нейкія пацверджаныя дакументальна і сталі ўжо гістарычнай праўдай, нейкія да гэтага часу застаюцца выдумкай. У Нацыянальным мастацкім музеі сёння прайшла прэзентацыя кнігі беларускага пісьменніка, дыпламата і кансультанта нашумелых гістарычных расследаванняў АТН пра клан Радзівілаў Анатоля Бутэвіча Таямніцы Нясвіжскага замка. Алена Борматава раскрые некаторыя таямніцы і абвергне міфы сям'і Радзівіл.


Расказвае Алена Борматава. Эпоха Радзівілаў адноўлена ў залах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Партрэты прадстаўнікоў знатнага шляхецкага роду прыцягваюць сучасных аматараў гісторыі. Вершы Уршулі Радзівіл - першай у Вялікім Княстве Літоўскім жанчыны-драматурга, жонкі Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі і хроснай дачкі гетмана Украіны Івана Мазепы - вяртаюць атмасферу магнацкіх прыёмаў.


Пісьменнік, дыпламат і кансультант нашумелай гістарычнай трылогіі Агенцтва тэленавін Радзівілы. Тайны сям'і Анатоль Бутэвіч прэзентуе свае тайны знатнага роду - кнігу Таямніцы Нясвіжскага замка. Радзівілы былі самым багатым родам Еўропы. Яны валодалі зямлёй не толькі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, але і Аўстрыі, Прусіі, Італіі, Францыі, Украіны і Польшчы. Дарэчы, сённяшняя рэзідэнцыя польскага прэзідэнта знаходзіцца ў радзівілаўскім замку.


Сярод скарбаў, якія захоўваліся ў Нясвіжскім замку, быў і пэндзаль самога Рэмбранта. Вядомы галандзец падараваў яго гетману літоўскаму Крыштафу Радзівілу. Але існуе легенда, нібы знакамітыя магнаты валодалі карцінамі жывапісца. Справа ў тым, што Радзівілы былі сваякамі караля Яна Сабескага, ва ўласнасці якога было 6 палотнаў Рэмбранта. Адна з работ паводле тэстаменту стала ўласнасцю Радзівіла Рыбанькі.


Міфы і легенды ўмясціліся на 190 старонках. Даследчая праца, безліч архіўных дакументаў, паездкі, сустрэчы з прадстаўнікамі роду. Тут і пра знакамітыя падзямеллі, пра сувязь Радзівілаў з сям'ёй Кэнэдзі. Яны не проста сваякі, яны адзін у аднаго хрысцілі дзяцей.


Анатоль Бутэвіч, намеснік старшыні Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь, пісьменнік: Дарэчы, я ўжо пасля напісання кніжкі знайшоў цікавыя факты, якія яшчэ адну старонку сувязяў Радзівілаў раскрываюць. Я маю на ўвазе Радзівілы і Андрэй Курбскі. Гэта той самы Андрэй Курбскі, якога можна было назваць першым рускім дысідэнтам, які ўцёк з рускіх зямель ад цара Івана Грознага.


Лісты з заклікамі да эміграцыі пісаў Юры Радзівіл - бацька Барбары. Пры перавыданні кнігі альбо перакладзе яе на рускую мову, што мае адбыцца неўзабаве, гэты факт будзе адлюстраваны. Да таго ж таямніцы стануць серыяй. Наступная кніжка - яна амаль скончана, не менш цікавая дэтэктыўнасцю сюжэта - Таямніцы Крэўскага замка.