Самыя яркія моманты еўратыдня ў рэпартажы Ніны Мажэйкі

25 ноября 2018

Самыя яркія моманты еўратыдня ў рэпартажы Ніны Мажэйкі.

Давайце ўспомнім, як гэта было.

 

 

Шок-кантэнт. Для гэтага адразу дзве нагоды: прадстаўніца Аўстраліі ў Мінску. І каб узмацніць першае ўражанне, спецэфекты ў выглядзе снегу.

Зорны дэсант артыстаў прыляцеў напярэдадні цырымоніі адкрыцця еўратыдня.

Але спачатку песня. Гэта і зразумела - міжнародны музычны конкурс. Таму сабраць галасы для агульнай песні загадзя было няпроста. 20 краін-удзельніц, і ўсе ў розных танальнасцях. Маштабны хіт падрыхтавалі за сціснутыя тэрміны адразу пасля прыезду дэлегатаў.

Два дзясяткі краін, і ўсе на адным подыуме. У традыцыйным чырвоным.

Смол-ток з вядучымі конкурсу. Фотасесія на Polaroid, поціск рукі з галоўнымі містарамі дзіцячага "Еўрабачання" ў Мінску - супервайзерам і генеральным прадзюсарам.

Ён Ола Санд, супервайзер дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018":

"Мы доўга раіліся з краінамі-вяшчальнікамі, і ўсе яны ў адзін голас падтрымалі Мінск. Некаторыя з іх памяталі тую атмасферу 2010 года, калі вы прымалі дзіцячае "Еўрабачанне". Гэта было супер па ўсіх пазіцыях".

 

Еўравізійная выстава талентаў прайшла пад дахам хрустальнай вазы "БелЭкспа". У жывым (у літаральным сэнс слова) калідоры з людзей 3 000 квадратных метраў - маштабы адпаведныя талентам. Але не самыя вялікія. Ужо на наступны дзень першым у графіку дэлегацый быў візіт у Палац Незалежнасці. Удзельнікі конкурсу пабывалі ў гістарычных залах, якія прымалі самыя значныя міжнародныя форумы. Цяперашніх наведвальнікаў яны таксама зацікавілі з прафесійнага пункта погляду. Не выстаялі перад спакусай праверыць акустыку.

Але па-сапраўднаму цёплай атмасфера стала падчас асабістай сустрэчы ўдзельнікаў і Кіраўніка дзяржавы. Нефармальна і амаль шэптам, калі чуваць кожнае слова. Хлопчыкі і дзяўчынкі хацелі абавязкова абняць Прэзідэнта, зрабіць з ім фота і нават праспяваць галоўную песню конкурсу.

На памяць аб сустрэчы ўдзельнікі, дэлегаты і арганізатары конкурсу зрабілі Аляксандру Лукашэнку невялікі падарунак - сімвалічны галоўны прыз дзіцячага "Еўрабачання". Кожнаму дастаўся і эксклюзіўны прэзент ад Кіраўніка дзяржавы. А яшчэ мноства прыемных успамінаў і фатаграфій, якія ў гэты ж дзень упрыгожылі інтэрнэт-старонкі гасцей.

Заспець канкурсантаў з шырока раскрытымі вачамі можна было на першай рэпетыцыі.

Перш чым пачынаць з артыстамі, кожная дэталь нумара была прапрацаваная. Трэніраваліся на статыстах - тэхнічных дублёрах удзельнікаў.

 

Гордан Банела, шоу-дырэктар дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018":

"Трэба было прымусіць працаваць усё і ўсіх. У нас вялікая сцэна, вялізная публіка і гіганцкая арэна. Гэта было няпроста для ўсіх, асабліва для беларусаў, якія ў прамым сэнсе слова зрабілі немагчымае. Уся каманда Белтэлерадыёкампанія была супер арганізаваная, вы павінны ганарыцца вашымі хлопцамі".

 

Першая рэпетыцыя беларускага дэлегата ў родных сценах пачалася з праверкі гуку. Дзейнічаць рашуча і хутка па пунктах, падрыхтаваных загадзя.

Галоўную пляцоўку конкурсу ператварылі ў гіганцкі еўрадом. На кожную з лакацый можна прайсці па стрэлках. Але перш чым зацвердзіць праект, ён прайшоў узгадненне ў спецыялістаў па бяспецы. Гэты аспект конкурсу прыярытэтны. Падключылі ўсе спецслужбы, якія ёсць у нас у краіне.

Яркая зона "бабл дэлегейшн" не толькі прыгожая. Гэтая "бурбалка" для дэлегацый сапраўды не лопне. Выкарысталі бяспечныя матэрыялы.

Тут жа можна падправіць прычоску, падфарбаваць вочкі і нават прышыць гузік. Удзельнікаў камандна рыхтуюць да выхаду ў прамы эфір конкурсу.

Вядучыя конкурсу ўвесь гэты час не проста фарбавалі вочы, а не заплюшчвалі іх – завучвалі тэкст, бо разгубіцца перад мільёнамі вачэй недапушчальна. А яшчэ пры гэтым трэба годна выглядаць. Кожны вобраз зацвярджаўся з шоу-дырэктарам конкурсу Горданам Банела. На вешалцы ля сцэны засталіся толькі тыя варыянты, якія прайшлі кантроль скрозь камеры.

А іх было нямала - 16. Без увагі аператараў (а значыць і гледачоў) не засталося ніводнай белай плямы. Тым больш да трансляцыі падрыхтаваліся: усе тэхнічныя канструкцыі задрапіравалі ў чорны колер, таму касмічная сцэна літаральна лунала.

11 тысяч гледачоў у зале і мільёны ля экранаў. Такога ніводная дэлегацыя не забудзе. Такое застаецца ў памяці назаўжды.

Тысячы агнёў асвятлілі не толькі сцэну дзіцячага "Еўрабачання". Шлейф з сафітаў цягнуўся з Мінска, на нас глядзелі з Еўропы і нават Аўстраліі! Мільёны тэлегледачоў і карыстальнікаў - гэта ўжо шырэй за паняцце пяці поціскаў рукі. Бо тут іх было значна больш. Але заўсёды настае час падводзіць вынікі. І мы гаворым вялікі дзякуй гэтай сцэне!