Самыя яркія кадры аграфестывалю "Дажынкі" ў Мядзеле

29 сентября 2018

Вынікі зладжанай працы аграрыяў падагульняюць "Дажынкі". Сёння эстафету ўшаноўвання лепшых працаўнікоў сяла прыняў цэнтральны рэгіён. У гэтым сезоне Мінская вобласць утрымлівае статус галоўнай жытніцы краіны. І вось такі пышны каравай тут атрымаўся - 1 мільён 300 тысяч тон. Лідары ўборачнай кампаніі - Дзяржынскі, Пухавіцкі і Мінскі раёны. Узнагароды і падзякі сёння знайшлі сваіх герояў. На сцэну абноўленага амфітэатра паднімаліся лепшыя камбайнеры, механізатары, сямейныя экіпажы. Самыя яркія кадры аграфестывалю - у Юліі Токар.

Душэўныя песні, танцы і салодкі водар свежай выпечкі: 7-тысячны Мядзел сёння - вялікая опен-эйр-пляцоўка з ураджайным каларытам. Прэзентуюць 22 караваі - ад кожнага раёна вобласці.

А на сцэне абноўленага Мядзелскага амфітэатра на тысячу месцаў узнагароды і падзякі знаходзяць сваіх герояў. Гэта камбайнеры, механізатары, аператары сушыльных комплексаў, сямейныя экіпажы. Лепшых удзельнікаў жніва - паўсотні. П'едэстал хлебаробаў ужо традыцыйна па плячы Уладзіміру Саладуху.

У гэтым сезоне Мінская вобласць утрымлівае статус галоўнай жытніцы краіны. Пышны каравай атрымаўся - 1 мільён 300 тысяч тон. Лідары ўборачнай кампаніі - Дзяржынскі, Пухавіцкі і Мінскі раёны.

"Дажынкі" - не толькі падвядзенне ўраджайных вынікаў, але і творчых. На галоўнай пляцоўцы разгарнуўся горад майстроў. Сотня умельцаў прэзентуе свае плеценыя кошыкі, ручнікі, драўляныя лыжкі…

У чаканні свята горад знаходзіўся некалькі месяцаў. Да "Дажынкаў" пабудавалі гасцініцу, новыя дамы, добраўпарадкавалі паркі. Сёння адкрылі загс. Бо менавіта восень - вясельная пара. Такой колькасці гасцей на сваёй урачыстасці новаспечаная сям'я Дземідовіч відавочна не чакала.

Безумоўна, новы імідж Нарачанскага краю ўражвае. І гэта той выпадак, калі гавораць: адзін дзень увесь год корміць. Бо "Дажынкі" пройдуць, а зменены горад застанецца. Хоць палявыя працы працягваюцца. Азімыя ўжо пасеяныя. Ідзе ўборка бульбы, кукурузы, цукровага бураку. А значыць, сельскагаспадарчы год працягваецца.