Самае загадкавае выданне часоў Вялікага княства Літоўскага - Берасцейская Біблія

26 мая 2014
Брэст набыў арыгінал адной з найбуйнейшых кніг 16-га стагоддзя - няпоўны экзэмпляр Берасцейскай Бібліі. Навукоўцы лічаць кнігу шэдэўрам паліграфічнага мастацтва эпохі Адраджэння, а таксама адным з самых загадкавых і вытанчаных выданняў часоў Вялікага княства Літоўскага.

Як унікальны экзэмпляр удалося вярнуць на гістарычную радзіму?
Што могуць распавесці старонкі, якім ужо каля пяцісот гадоў, даведвалася Вікторыя Патоня.


З'яўленне ў Брэсце арыгінала выдання навукоўцы параўноўваюць з вяртаннем на радзіму крыжа Ефрасінні Полацкай. Фрагменты рарытэтнага фаліянта, які набыла абласная бібліятэка, дэталёва вывучылі спецыялісты.


Лілія Коўкель, доктар гісторыі, Кракаў, Польшча: Гэта кніга відавочна была не ў кальвінісцкім саборы, а ў бібліятэцы прыватнай, хутчэй за ўсё, шляхецкай. Ёй у канцы 18, можа ў пачатку 19 стагоддзя далі вокладку, якая зараз ёсць. Выклейка ў яе такая характэрная з імітацыяй мармуру, так званы мармурок.


Праца па вяртанні кнігі вялася з 2008 года. Кошт пакупкі не паведамляецца. Вядома, што рарытэт набыты ў адным з кніжных салонаў Мінска.


Ала Мяснянкіна, намеснік дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага: Памер, фармат, шрыфт, літары. Вось гэта ўсё было выканана спецыяльна для гэтага экзэмпляра. Ніколі больш ні адна Біблія не паўтарыла гэтага. Брэсцкая Біблія легла ў аснову пасля гданьскай Бібліі, французскай Бібліі.


Пераклад Святога пісання на розныя мовы свету дэталёва вывучае прафесар з Кракава Вацлаў Валецкі. Менавіта яму належыць ініцыятыва перавыдання 11 гадоў таму Берасцейскай Бібліі, якую навуковец лічыць шэдэўрам моўнага і паліграфічнага мастацтва 16 стагоддзя.


Вацлаў Валецкі, кіраўнік Цэнтра польскай бібліяграфіі імя Эстрэйхераў пры Ягелонскім універсітэце, Кракаў, Польшча: Зараз па гэтым экзэмпляры мы можам сказаць нямнога. Больш пытанняў: чаму менавіта фрагменты сабраныя пад адной вокладкай? Магчыма, хтосьці свядома гэта зрабіў. Відавочна, што старонкі не перажылі пажараў і паводак, часткі Бібліі вельмі добра захаваліся.


Берасцейская Біблія - першы багаты ў афармленні фаліянт. Напісаны гатычным шрыфтам і ўпрыгожаны гравюрамі-ілюстрацыямі для першых частак Старога Запавету. Тут упершыню ў беларускім кнігадрукаванні выкарыстоўваўся прадметны паказальнік. Поўны экзэмпляр выдання - 600 старонак.


Гісторыя фаліянта - складаная і загадкавая. Большая частка тыражу Бібліі загінула. Пасля смерці Радзівіла Чорнага яго сын, заўзяты католік, загадаў спаліць усе пратэстанцкія выданні Брэсцкай друкарні. Некаторыя экзэмпляры ўсё ж уцалелі.


У бібліятэках Расіі, Украіны, Польшчы, Беларусі, у прыватных калекцыях свету іх налічваецца 120. У Беларусі гэта другі няпоўны экзэмпляр. Першы захоўваецца ў фондах навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук.