Самабытныя вырабы ствараюць керамісты з Пухавіцкага раёна

17 декабря 2019
Рознакаляровы  хамелеон, утульныя домікі і зімнія птушкі - снегіры. Самабытныя вырабы ствараюць керамісты з Пухавіцкага раёна. Марына Гарнастаева і Алена Атрошкіна разам працуюць у школе мастацтваў, выкладаюць дзецям ганчарнае майстэрства. 

Па-за межамі працы лепяць статуэткі, містычных герояў і гліняны посуд. 

Пра старадаўнія беларускія вырабы ад сучасных майстроў - матэрыял Наталлі Кезік.

Першае абпальванне ў печцы кераміст Марына Гарнастаева называе бісквітным. А стварэнне глінянага посуду, наогул, параўноўвае з кулінарыяй. Рэцэпт цеста-гліны для розных вырабаў свой - асаблівая кансістэнцыя з рознымі інгрэдыентамі. 

Марына Гарнастаева размалёўвае і фарміруе гліну 13 гадоў запар. З пластычным матэрыялам майстар блізка пазнаёмілася на першым курсе ўніверсітэта. З тых часоў гліна для яе стала і працай, і хобі адначасова. 

Зараз рамесніца валодае трыма асноўнымі тэхнікамі глінянай творчасці. Але больш за ўсё падабаецца ганчарства. На адмысловым коле вырабляе талеркі і вазы. А затым неабходную форму стварае рукамі альбо з дапамогай інструментаў. 

Асаблівы падыход да аздаблення сваіх вырабаў. Для гэтага ў майстра цэлы арсенал фарбаў, гліняных матэрыялаў і глазуры. У ход ідзе нават звычайнае малако - з ім пераважна працуе на занятках са школьнікамі. Вучні і выпускнікі Марыны Гарнастаевай не раз прадстаўлялі свае гліняныя шэдэўры на выставах і конкурсах. 

Зараз Марына Гарнастаева разам з Аленай Атрошкінай ганчарнае майстэрства выкладаюць вучням Дружненскай школы мастацтваў. Хоць і Алена сама некалі была вучаніцай сваёй калегі. Па адукацыі майстар - настаўнік малявання і чарчэння. 

Гліна - даволі непрадказальны матэрыял. Керамісты да апошняга часу не ведаюць, як у канчатковым варыянце будуць выглядаць іх героі. Алена Атрошкіна выдзяляе некалькі сартоў гліны ў  залежнасці ад рэгіёна, дзе збіралі матэрыял. Ад гэтага залежаць паводзіны прыроднага пластыліну пры лепцы, а затым ў печцы і падчас дэкарыравання. 

Зараз на сталах майстроў - навагодні асартымент. Безліч шэрых мышанят, аўтарскія снегіры і калядныя ўтульныя домікі. А ствараць навагодняе хараство майстрам кожны дзень дапамагаюць юныя ганчары, якія прыходзяць сюды на заняткі.