Самая вялікая карціна Айвазоўскага з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі зараз на рэстаўрацыі. “Бура на Азоўскім моры ў красавіку 1886 года” ў нашы фонды трапіла з прыватнай калекцыі Лідзіі Русланавай, а дагэтуль яе ўладальнікам быў даследчык Арктыкі Русанаў. Працаваць над карцінай вядомага марыніста будуць яшчэ амаль год, і ў пастаяннай экспазіцыі яна з’явіцца напрыканцы 2017-га – да 200-годдзя Айвазоўскага.
Пра аднаўленне шэдэўра Алена Борматава.
Палатно памерам 2,13 на 3 метры работы Айвазоўскага яшчэ год будзе ў руках рэстаўратараў. Да іх яно трапіла са шматлікімі стратамі каляровага слоя. Стары лак і ранейшыя рэстаўрацыйныя таніроўкі паўплывалі на агульны колер карціны. Аднаўленне ідзе па міліметрах. Памеры палатна ўплываюць і на працу рэстаўратараў – яно ў вертыкальным стане. Мікраскоп выкарыстоўваць немагчыма, таму для таго, каб зняць верхні слой, карысталіся бінакулярнымі акулярамі.
Работа «Бура над Азоўскім моры ў красавіку 1886 года» мае яшчэ дзве аўтарскія версіі: адна пад назвай «Караблекрушэнне» знаходзіцца ў Румыніі, другая - «Бура» - у Яраслаўлі. Дарэчы, у беларускай версіі ёсць яшчэ адна назва - «Апошняе дыханне карабля». Рэальная гісторыя, якая і стала асновай твора. Затанулы карабель «Ястраб» і адзіны матрос Ярэмчанка, які выжыў. Ён прывязаў сябе да мачты. Выратаванне на беларускай версіі карціны.
Палатно, якое зараз у рабоце рэстаўратараў, да таго як трапіла ў дзяржаўныя фонды Беларусі, знаходзілася ў прыватнай калекцыі Лідзіі Русланавай. Тагачасны дырэктар музея Алена Аладава асабіста ездзіла да спявачкі і вяла перамовы наконт набыцця карціны, пасля чаго Лідзія Русланава сама прыязжала ў музей па ганарар.
Апошні раз работа экспанавалася амаль 10 гадоў таму на выставе «Класіка пейзажа». У 2017-м – да 200-годдзя Айвазоўскага - пад марыніста аддадуць цэлую залу пастаяннай экспазіцыі, якая нефармальна і будзе называцца залай Айвазоўскага. Цэнтральным стане самае вялікае палатно, якое перанясуць сюды з рэстаўрацыйнай майстэрні.
Калекцыя Айвазоўскага ў Нацмузеі – гэта 13 палотнаў і 2 графічныя работы. Яе пачалі збіраць у 1945-м, адразу пасля вайны. Апошні твор набылі 30 гадоў таму.













