З творчага вечара Генадзя Аўсяннікава Купалаўскі пачаў марафон, прысвечаны Дню тэатра

28 марта 2019

Напярэдадні свайго сотага сезона  сталічны Купалаўскі пашырае акадэмічныя межы культурна-адукацыйнай праграмай. Свята тут затрымаецца на два тыдні. Адкрыў марафон акцёр, легенда нацыянальнага тэатральнага мастацтва - Генадзь Аўсяннікаў.

Расказвае Вольга Мядзведзь.

Адзін акцёр - цэлая эпоха. Падмосткам Купалаўскага Аўсяннікаў служыць ужо 62 гады. І каму, як не яму, збіраць гледача ў Сусветны дзень тэатра. Бо яго імя ўпісана не толькі ў нацыянальную, але ў тым ліку і планетарную гісторыю. За значны ўклад у развіццё культуры артыст ўдастоены медаля ЮНЕСКА "Віктор Гюго". 

Нават перасягнуўшы паўвекавы тэатральны вопыт, народнаму артысту ўласціва простае чалавечае хваляванне перад выхадам на сцэну. Сёння ён наватар! Творчы вечар тэт-а-тэт з гледачом у Купалаўскім праводзяць ўпершыню. Бенефіс ў выглядзе імправізацыі, на якую трэба настроіцца. Важна не падвесці сваю публіку. 

У сучасным рэпертуары яго не часта сустрэнеш – Васіль у дудараўскім "Вечары", Суддзя ў "Пане Тадэвушы" і Глушак з "Людзей на балоце". Але сёння той выпадак, калі дакладна прыйшлі не на спектакль, а на акцёра. Паралельна касавай "Чайцы" на галоўнай сцэне адзін Аўсяннікаў з аншлагам сабраў камерную. 

Якім будзе гэты тэатральны вечар, да апошняга моманту не ведаў ніхто, нават калегі з трупы. 

З творчага вечара легенды Купалаўскага пачаўся двухтыднёвы святочны марафон, прысвечаны Сусветнаму дню тэатра. У гледачоў ёсць магчымасць абмеркаваць з трупай і кіраўніцтвам пастаноўкі "Дзве душы" і "Радзіва Прудок", а таксама прысутнічаць на першым чытанні новай кнігі Андрэя Горвата "Прэм'ера", якая ў перспектыве, магчыма, стане рэпертуарнай прэм'ерай.