З трыумфам прайшлі Дні культуры Беларусі ў Кітаі

11 мая 2015

З трыумфам прайшлі Дні культуры Беларусі ў Кітаі, якія сталі традыцыйнай і значнай падзеяй для дзвюх краін. Жыхары і госці Пекіна змаглі азнаёміцца з работамі нашых мастакоў, пачуць як народныя, так і класічныя музычныя творы ў выкананні вядучых артыстаў. Культурнае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая актыўна развіваецца ўжо не першае дзесяцігоддзе. Гэта датычыцца адукацыйнай, музейнай, бібліятэчнай справы. Пра ўзаемаабагачэнне нацый Іна Пілевіч.

Славянскія песні раскладвае на галасы кітаянка. З верасня Гун Лі - выкладчык кафедры харавога дырыжыравання Акадэміі музыкі. Кіраваць вакалістамі ўзмахам рукі вучылася ў гэтых жа сценах у легенды - народнага артыста СССР Віктара Роўды. За час вучобы ў Мінску паспела заваяваць мноства ўзнагарод міжнародных конкурсаў, скончыць аспірантуру і магістратуру. Стаўшы кандыдатам мастацтвазнаўства, Гун Лі разам з мужам прыняла рашэнне застацца ў Беларусі.

Гун Лі, выкладчык кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кандыдат мастацтвазнаўства: "Мы ў Кітаі лічым, што Беларусь - гэта першая культура вельмі блізкая да Расіі. Славянская культура і еўрапейская. А мы вучым еўрапейскую музыку. Тут як храм еўрапейскай і рускай, славянскай музыкі".

У Кітаі беларуская адукацыя ў цане. Наш дыплом ужо даўно стаў гарантыяй добрага працаўладкавання. Толькі ў самой музычнай ВНУ краіны на сённяшні дзень вучыцца 167 студэнтаў КНР.

Літаральна паўмесяца таму ў Мінску быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Шанхайскай кансерваторыі. Зараз навучальныя ўстановы будуць абменьвацца студэнтамі і настаўнікамі. Напрыклад, у снежні ў Беларусь на фартэпіянныя асамблеі прыедуць інструменталісты з Кітая.

А вось Акадэмія мастацтваў заключыла міжнароднае пагадненне з Чжэнчжоўскім універсітэтам. Сёння ў Мінску па-мастацку пісаць пэндзлем і алоўкам вучацца больш за 4 дзясяткі студэнтаў, аспірантаў і магістрантаў. Да нас едуць па магутныя традыцыі яшчэ савецкай рэалістычнай школы. Пры тым, што кітайскі жывапіс з'яўляецца адным з самых старажытных у свеце. Але сёння многія кітайскія мастакі замест традыцыйнай тушы і тонкай бамбукавай паперы аддаюць перавагу алею і палатну. Заходні стыль жывапісу набыў вялізную папулярнасць на Усходзе.

Усходняя калекцыя Нацыянальнага мастацкага музея пачала фарміравацца яшчэ напрыканцы 50-х гадоў, калі Кітай перадаў Беларусі вялікі збор у якасці падтрымкі краіне з разрабаванымі фондамі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць кераміка і фарфор. Работа настолькі тонкая, што зазірнуўшы ўнутр сасуда, можна ўбачыць, як прасвечваецца знешні роспіс.

Пра культурнае і не толькі супрацоўніцтва краін вяшчае Міжнароднае радыё "Беларусь". Ля мікрафона этнічныя носьбіты мовы, выхадцы з КНР. На працягу двух гадоў у эфіры гучаць навіны на кітайскай мове, якія закранаюць узаемаадносіны Мінска і Пекіна.

Навум Гальпяровіч, галоўны дырэктар Міжнароднага радыё "Беларусь": "Мы наладзілі цеснае супрацоўніцтва з міжнародным радыё Кітая. Дарэчы, там працуюць і нашы супрацоўнікі, якія вяшчаюць з Пекіна на беларускай мове. А ў час візіту Старшыні КНР мы абменьваемся сумеснымі матэыяламі".

На днях міжнародны канал прэзентаваў "Клуб аматараў кітайскага вяшчання". У складзе - грамадзяне Кітая, якія жывуць, вучацца ў нашай краіне. Усё для таго, каб нам стаць яшчэ бліжэй з дапамогай медыяпрасторы.