З пачатку лютага Беларусь жыве з новым Кодэксам аб культуры

7 февраля 2017

Дакумент прыняты ў краіне ўпершыню. Няма аналагаў яму і на постсавецкай прасторы. Кодэкс аб культуры - гэта сістэматызаваны збор законаў, указаў, пастаноў, нарматыўных актаў. Ён рэгулюе дзейнасць розных інстытутаў галіны – кіно, тэатры, дыскатэкі, масавыя мерапрыемствы, выставы. Адзін з самых значных і вострых кірункаў - нацыянальная спадчына, якая зараз знаходзіцца за межамі краіны, і яе вяртанне. Пастановай Саўміна Беларусі ўжо створана спецыяльная камісія. Такім чынам, хто будзе займацца пытаннямі рэстытуцыі? Якія нацыянальныя культурныя дасягненні хочуць вярнуць на радзіму - высвятляла Алена Борматава.

Пытаннямі вяртання нацыянальных каштоўнасцяў Беларусь занялася адначасова з атрыманнем незалежнасці. За чвэрць стагоддзя выяўлены сотні экспанатаў нашай спадчыны ў замежных зборах. Праца сістэматызавана і апісана ў васьмі тамах спецыялізаванага зборніка "Вяртанне". Вынік дзейнасці стаў падставай для стварэння амаль дзесяць гадоў таму дзяржаўнай камісіі пры Савеце Міністраў. Зараз пашыраюцца яе дзеянні ад склада да геаграфіі пошукаў.

Рэальныя вынікі працы камісіі па вяртанні сёння можна ўбачыць у музейных залах па ўсёй краіне. Так, на радзіму вернуты Статут Вялікага княства Літоўскага, "Малая падарожная кніжка" Скарыны, слуцкае Евангелле і некалькі слуцкіх паясоў. Такія гістарычныя помнікі, як бібліятэкі Храптовічаў, Радзівілаў ці скарынаўская спадчына ўдалося вярнуць і ў электронным выглядзе.

Нейкім чынам вернутымі можна лічыць і беларускія каштоўнасці, якія прывозяць на радзіму на часовае экспанаванне. Іх немагчыма вярнуць фізічна, аднак рэальна ўвесці ў навуковы абарот. Бо значная частка нашых шэдэўраў аказалася ў замежных фондах па законе - афіцыйнай перадачы.

Сёння беларускія рарытэты - у фондах многіх музейных, бібліятэчных, архіўных зборах свету. Ёсць яны і ў пастаянных экспазіцыях музеяў, якія ўваходзяць у топ самых вядомых - ад Метраполітэн да Эрмітажа. Там можна знайсці многія нашы нацыянальныя помнікі - ідэнтыфікатары беларускай нацыі - ад гравюр да мэблі.

Вяртанне культурных каштоўнасцяў Беларусі - гэта сумесная праца розных міністэрстваў і ведамстваў краіны. Каардынаваць яе і вызначыць найбольш рэальныя на сёння пункты для будучых перамоў - задача камісіі. Каб беларускія рарытэты са спісу замежных папоўнілі спіс вернутых. Шмат гістарычных каштоўнасцяў было вывезена з нашых зямель незаконна - марадзёрства падчас ваенных дзеянняў, грабяжы ці эвакуацыя. Вось на вяртанне іх сёння і накіравана праца дзясяткаў людзей.

Згодна з міжнародным заканадаўствам, рэстытуцыя культурных каштоўнасцяў магчыма некалькімі шляхамі. Набыццё на аўкцыёнах, як гэта было са Статутам і з радзівілаўскім гарнітурам. Існуе і аспект з матэрыяльным замяшчэннем, калі адзін прадмет абменьваюць на іншы культурны рарытэт. Але каштоўнасць не павінна знаходзіцца ў прыватнай уласнасці.