Рыцары на мінскіх вуліцах

3 марта 2017

Сёння ля гарадской ратушы гістарычныя клубы прапанавалі вандроўку ў мінулае беларускай сталіцы. Менавіта ў гэты дзень роўна 950 гадоў таму старажытны Мінск упершыню згадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў".

У вандроўцы па мінулым пабываў Ян Пашкевіч. Жвавыя рытмы дуды, фальклорныя матывы лютні і аўтэнтычныя спевы – сярэдневяковы музычны бэнд гучнай мелодыяй заклікае далучыцца да гістарычнага фестывалю каля ратушы. Сёння тут сустрэліся 10 стагоддзяў гісторыі Мінска.

Ад бітвы на Нямізе да баталій напалеонаўскіх войнаў – кожная эпоха выставіла для рыцарскіх рысталішчаў сваіх лепшых ваяроў, якія сышліся на сярэдневяковым рынгу.

Асаблівасць такога фестывалю і ў тым, што тут могуць адбывацца нават незвычайныя падзеі. Напрыклад, армія Напалеона можа пайсці ў наступленне на атрад вікінгаў.

Рыцары, дружыны князёў, вікінгі. Усе яны дапаўнялі сваёй гісторыяй біяграфію беларускай сталіцы. Напрыклад, 22 полк напалеонаўскай арміі, які цалкам складаўся з жыхароў тагачаснага Мінска.

У той час, пакуль рыцары і вікінгі вызначалі самых моцных на полі бою, высакародныя шляхцянкі дэманстравалі модную калекцыю вясна-лета часоў вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя.

Тут жа разгарнулася школа Робін Гудаў, а кавалі адкрылі невялікую акадэмію старажытных рамёстваў.

Але не толькі рэканструктары ладзілі падарожжа праз стагоддзі – яшчэ адзін экскурс у мінулае з'явіўся побач у Верхнім горадзе. Тут адкрылі музей конкі, які раскажа аб гісторыі развіцця сталічнага транспарту.