Рукапісны кніжны помнік летапісных пор – Лаўрышаўскае Евангелле - вярнуўся ў Беларусь

11 марта 2019

Праўда, у выглядзе факсіміле - гэта дакладная копія  рукапісу  з захаваннем усіх нюансаў - разрываў, пазнак, замалёвак - старажытнага экзэмпляра. Само Евангелле было створана ў адным з найстаражытных праваслаўных манастыроў   Беларусі - Лаўрышаўскім. Зараз арыгінал захоўваецца ў Кракаве. Факсіміле выдадзена на Украіне. Аб вяртанні культурнай спадчыны - Алена Борматава.

Рукапісны помнік ранняга перыяду заснавання Вялікага Княства Літоўскага. Ствараўся па заказе старажытнага духоўнага цэнтра Беларусі - Лаўрышаўскага манастыра. Пяцьсот гадоў захоўваўся на нашых землях. У ХІХ  стагоддзі быў вывезены ў Расію, затым Францыю, потым перавезены ў Польшчу. Сёння – у фондах бібліятэкі Чартарыйскіх у Кракаве. 

Лаўрышаўскае Евангелле - адзін з самых старажытных рукапісных духоўных помнікаў Беларусі. Сёлета спаўняецца 690 гадоў. Гэта калі лічыць ад першага ўкладного запісу, бо само Евангелле не датавана. Вядома, што стваралася яно па замове вялікага князя Літоўскага,  сына Міндоўга, Войшалка, які на той момант жыў у манастыры.

Але гэта выключна гіпотэза. Безумоўна, Войшалк цесна быў звязаны з манастыром, прыняў пострыг. Аднак на сёння навукоўцамі не пастаўлена кропка ў датаванні Евангелля. Для карэктнасці называюць канец ХІІІ  пачатак ХІV стагоддзяў. Укладныя запісы ў рукапісе датуюцца больш познім перыядам, пасля смерці Войшалка. 

Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: "Версія дакладна не даказана. На жаль, пра гэта мы ў самім Евангеллі нічога не знаходзім, хаця ёсць некаторыя адсылкі. Напрыклад, навукоўцы інтэрпрэтуюць гравіроўку на вокладцы, на пераплётнай крышцы Евангелле менавіта як выяву святога ваяра,  магчыма князя Войшалка, які пастыгся ў манахі, і нібыта яго асоба была прадстаўлена на самім Евангеллі. Гэта толькі версія".

Для факсіміле выкарыстоўвалі якасную афсетную паперу, якая вельмі нагадвае пергамент, бо менавіта на пергаменце пісаўся арыгінал. Друкаваная копія абсалютна дакладна перадае старонкі Евангелля з захаваннем усіх асаблівасцяў  арыгінала - памарак, невялікіх дзірачак на паперы, заломаў і іншых пашкоджанняў. 

Факсіміле выдана накладам  300 адзінак. Пяць перададзены ў Беларусь. Адзін з экзэмпляраў - на захаванне туды, дзе і было створана Евангелле – у Лаўрышаўскі манастыр. 

Малавядомы факт, але вяртанне нашага кніжнага помніка ў Беларусь адбылося яшчэ 10 гадоў таму. Па замове Нацыянальнай бібліятэкі была створана электронная копія рукапісу і яна папоўніла нацыянальны электронны кантэнт. Не выключана магчымасць, што ў хуткім часе факсіміле будзе выдана і ў беларускім выдавецтве.