Рубрыка «Праменад»

4 марта 2016

Мастацкія галерэі падрыхтавалі падарункі мілым дамам - «Джэнтльменскі набор» ад мужчын-мастакоў, французскі імпрэсіянізм у беларускім выкананні, канцэрт лацінаамарыканскай музыкі і нават рамантычны балет. Падрабязнасці - у рубрыцы «Праменад» з Ларысай Гулякевіч.

Святочны настрой - не толькі ў паветры, але і ў кожным мерапрыемстве. Выстава лялек адкрываецца ў гасцёўні Галубка, а ў галерэі Савіцкага - матывы імпрэсіянізму.

У Год культуры ўпершыню ў Мінску прадэманстраваны копіі работ буйных мастакоў-імпрэсіяністаў. Знакамітыя «Сланечнікі» Ван Гога, «Поле цюльпанаў у Галандыі» і «Сажалка з лілеямі» Клода Манэ, нацюрморты Поля Сезана і Поля Гогена, аўтапартрэт Каміля Пісаро і многія работы іншых майстроў імпрэсіянізму - шыкоўны падарунак ад беларускіх мастакоў, імёны якіх трымаюцца ў сакрэце. Выстава працуе да 3 красавіка.

Тут жа ў мастацкай галерэі ў суботу - лацінаамерыканская музыка, аргенцінскае танга - у канцэртным праекце "Бон Ваяж".

Музычная праграма пад назвай «Каханне, не пакідай мяне...» прапануе падарожжа па Лацінскай Амерыцы, плюс паэзія Пабла Неруды. "Бон Ваяж" – праект, які аб'ядноўвае толькі дзяўчат-музыкантаў з творчым патэнцыялам і адпаведнай музычнай адукацыяй. Сярод прыгожых прадстаўніц праекта - лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў.

Рамантычны падарунак ад Вялікага тэатра Беларусі - Балет «Шчаўкунчык». Неўміручы твор Пятра Чайкоўскага паводле казкі Эрнеста Гофмана «Шчаўкунчык і мышыны кароль» не абавязкова павінен з'яўляцца на сцэне Вялікага тэатра Беларусі толькі ў навагоднія дні. Рамантычная гісторыя кахання і вернасці актуальная заўсёды. Напярэдадні 8 Сакавіка – найлепшы падарунак жанчынам. Лібрэта Марыўса Пеціпа ў рэдакцыі Аляксандры Ціхаміравай. Балетны спектакль адбудзецца 5 сакавіка а дзевятнаццатай гадзіне.

Чатыры мастакі зрабілі калектыўнае прызнанне ў сваіх мужчынскіх слабасцях. Свае карціны аб'ядналі выставай пад назвай «Джэнтльменскі набор".

У Новай арт-гасцёўні «Высокае месца», што ў Верхнім горадзе Мінска, новая экспазіцыя чатырох мужчын. Гэта мастацкае прысвячэнне жанчынам пад назвай «Джэнтльменскі набор». У экспазіцыі 40 жывапісных твораў Уладзіміра Зленкі, Глеба Отчыка, Васіля Зянько і Андрэя Пяткевіча. У кожнага за плячыма важкі творчы багаж мастацкіх праектаў. Аўтары стварылі калектыўны праект для жанчын з мужчынскай назвай «Джэнтльменскі набор». Кожны трактуе гэтае паняцце па-свойму. Тут і зброя, і кветкі, і жывёлы... Выстава прадоўжыцца да 20 сакавіка.