Рубрыка Сталічны праменад

24 мая 2013

Рэінкарнацыя палотнаў, графіці ў музейнай зале і нават агнявое шоу пад акампанемент хард-року.


На якой ноце завершыцца тыдзень, ведае наш гід па культурных падзеях Ніна Мажэйка. Астракізм смалякізму знайшоў выйсце на агароджы. Андрэй Смаляк, які прывык эпаціраваць і сам прыдумаў жанр, у якім творыць, адкрывае выставу пад адкрытым небам. Модны праект, які яднае тэлевядучых, зорак эстрады, спартсменаў…  Такі медыйны бум – галерэя партрэтаў  “Ажыўшыя карціны”. Амаль паўгода глядзіце на ўсёй агароджы парку Чалюскінцаў.
Горад як палатно. Урбаністычная выстава адкрылася ў цэнтры Мінска. Райтары – так называюць графіці-мастакоў -  не заганяюць сябе ў рамкі. Днём яны – юрысты, бухгалтары, эканамісты, а ноччу мяняюць свае абліччы. Хтосьці скажа: “Вулічныя хуліганы”, а іншыя: “Наватары мастацтва”. Гэтым разам творчая каманда з усёй Беларусі прэзентуе гістарычны зрэз беларускага стрыт-арта праз фатаграфіі ад пачатку 90-х да нашых дзён. На працягу ўсяго тыдня і да суботы музей сучаснага выяўленчага мастацтва запрашае не толькі паглядзець, але і паўдзельнічаць у стварэнні  графіці і постараў, распісаць скейтборд. Акрамя таго, упершыню ў Беларусі адбудзецца скілтойз-фестываль, дзе галоўны аб’ект – цацка на вяроўцы.
Нават дождж не патушыць гэта полымя. Нягледзячы на штармавое папярэджанне сіноптыкаў, агнявое шоу ўсё роўна адбудзецца пад адкрытым небам. Міжнародны фестываль агню “Мифф” – гэта прафесійныя дэкарацыі, касцюмы і рэквізіты. У Мінск едуць артысты з Украіны, Расіі, Літвы і Польшчы... Усяго больш за 70 удзельнікаў. Яны запальваюць у прамым сэнсе – дыхаюць агнём, глытаюць палаючыя булавы... Небяспечна не толькі выконваць гэта, але і за гэтым назіраць. Спектаклі пройдуць у суправаджэнні музыкі розных жанраў: ад сярэдневяковай да хард-року. Дзеянне, якое прымушае хвалявацца, адбудзецца ўжо ў гэтую суботу.
Публіцы да 16 прагляд не рэкамендуецца. Спектакль інтымнага характару дае Горкаўскі тэатр. На дзве гадзіны сцэна ператвараецца ў зону адпачынку на поўдні Францыі. Дзве пары трапляюць на адзін курорт, дзе пад гарачым сонцам блытаюцца ў адзін любоўны квартэт...
Камедыя высокага жанру, стылю і густу належыць пяру класіка англійскай драматургіі Ноэлю Каўарду. У яго апрацоўцы тонкі брытанскі гумар стаў інтэрнацыянальна зразумелым. У беларускім варыянце пастаноўка зайграе асаблівай камернасцю. Чатыры галоўныя героі. Дакладней, два на два. Квартэт усё дзеянне высвятляе адносіны. Наколькі камедыя інтымная, ацаніце ў нядзелю.
Аўстралійская версія легендарнага гурта Pink Floyd у Мінску. Яны адзіныя з трыб’ют-бэндаў, хто выступаў на адной сцэне з эталонам. Ці павераць, так сказаць, не зусім арыгінальнаму прадукту сталічныя меламаны са стажам, даведаемся ў суботу. Такім будзе ўік-энд. Паглядзіце на яго ў культурным ракурсе. Не адмаўляйце сабе ў задавальненні.