Рубрыка "Праменад"

13 мая 2016

Тэатры лялек з пяці краін свету пакажуць свае лепшыя пастаноўкі на 9-м міжнародным фестывалі, які стартуе сёння ў сталіцы. Вулічныя перформансы, знакамітыя замежныя пастаноўкі. Якія культурныя падзеі варта не прапусціць у гэтыя выхадныя, ведае Ларыса Гулякевіч. Рубрыка "Праменад".

Дзіцячыя спектаклі для дарослых з пяці краін свету – на 9-м міжнародным фестывалі тэатраў лялек, які стартуе ўжо сёння. Бацькі, не забудзьцеся ўзяць з сабой у тэатр і дзяцей.

У міжнароднай афішы 9-га міжнароднага фестывалю тэатраў лялек – 14 спектакляў з Ізраіля, Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі і Беларусі. Замежныя пастаноўкі - амаль усе ўладальнікі вышэйшых тэатральных узнагарод шматлікіх фестываляў, а сярод беларускіх пастановак – самыя свежыя прэм'еры.

Фестываль будзе праходзіць да 17 мая на пяці тэатральных пляцоўках, сярод якіх ТЮГ, Купалаўскі, Маладзёжны і Дзяржаўны тэатр лялек.

«Месца пад сонцам» знайшлі сабе для канцэртных выступленняў музыканты Беларусі. На фестывалі вулічнай музыкі, што другі раз ладзіцца ў Верхнім горадзе, заўтра выступяць як вядомыя калектывы, так і зусім маладыя.

Фестываль «Месца пад сонцам» ладзіцца другі раз і становіцца традыцыйным для горада. На пляцоўках Верхняга горада - на плошчы ля ратушы, у Музычным завулку і ля карэтнай майстэрні - будуць гучаць кампазіцыі звыш 30 калектываў у самых розных жанрах. Сярод удзельнікаў новыя групы з новымі музычнымі напрамкамі.

Опера «Аіда» аб няшчасным каханні ад стваральніка найлепшай музыкі ў свеце Джузепэ Вердзі. У нядзелю Вялікі тэатр Беларусі.

Калі Італію лічыць радзімай оперы, то Вердзі, безумоўна, яе бацька. У оперным мастацтве музыка Джузепэ Вердзі – вяршыня. На беларускай сцэне Вялікага тэатра опера “Аіда” ў пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ ідзе 5 гадоў. Дзея адбываецца ў Мемфісе і Фівах падчас кіравання фараонаў.