Рубрыка "Праменад" з Ларысай Гулякевіч

25 мая 2018

У Горкаўскім тэатры - прэм'ера "Як стаць багатым". Выстава старых фотаздымкаў і паштовак – у галерэі ў Мінску, і юбілей - Вялікаму тэатру оперы і балета - 85. Плануем культурныя выхадныя з рубрыкай "Праменад" і Ларысай Гулякевіч.

Як стаць багатым - ведае Рускі тэатр, які прапануе прэм'еру ў гэтыя выхадныя. Гэта французская авантурная камедыя паводле п'есы Клода Манье ў пастаноўцы Сяргея Кавальчыка. Ролю галоўнага героя выконвае Уладзімір Глотаў.

Сюжэт па-французску лёгкі. Галоўны герой - малады мастак, у якога не хапае грошай, ды і карціны яго ніхто не купляе. Выйсце – ажаніцца з багатай жанчынай. Чым скончыцца авантура для чалавека, які не ўмее хлусіць? Прэм'ерныя паказы спектакля «Як стаць багатым» у Горкаўскім тэатры ў суботу і нядзелю.

У арт-галерэі "Высокае месца" - унікальная фотавыстава. Гэта своеасаблівы экскурс ў гісторыю нашай краіны і горада стагоддзе таму.

Тут можна прасачыць атмасферу старадаўняга Мінска - праз арыгіналы фотаздымкаў канца 19-га - пачатку 20-га стагоддзяў, а таксама даведацца, як зараджалася фотасправа ў сталіцы. На экспазіцыі нават узнавілі старадаўні інтэр'ер мінскага фатаграфічнага кабінета. Пазнаёміцца з усімі тэхнічна-хімічнымі нюансамі фотасправы можна праз чароўную атмасферу "чырвонага пакоя".

Калі вы запланавалі наведаць Вялікі тэатр Беларусі, які сёлета адзначае юбілей - 85, то прыходзьце загадзя - а 17-й гадзіне. Тут перад пачаткам спектакля іграе сімфанічны аркестр тэатра.

На пляцоўцы каля Вялікага тэатра ў святочнай атмасферы нядзелі сімфанічны аркестр пачынае іграць канцэртную праграму. Як правіла, на прыступках збіраецца каля 400 гледачоў. Папулярная класіка: вальсы, маршы, полькі Штрауса, творы Чайкоўскага захапляюць не толькі наведвальнікаў тэатра, але і ўсіх гараджан.

У нядзелю у Вялікай зале тэатра справаздачны канцэрт харэаграфічнай гімназіі-каледжа, што рыхтуе дастойныя кадры для балетнай трупы Вялікага тэатра Беларусі.

Цудоўныя нумары з балета Адана, Чайкоўскага, Гуно, Дэліба ў выкананні будучых зорак, магчыма, у тым ліку і Вялікага тэатра Беларусі. У канцэрце ўдзельнічаюць дзеці рознага ўзросту. Асаблівая адказнасць у выпускнікоў, за якімі назіралі артысты беларускага балета і кіраўніцтва тэатра. Ірына Яромкіна - заслужаная артыстка Беларусі – выпускніца гімназіі-каледжа, мама траіх дзетак, пільна сочыць за поспехамі новага пакалення танцоўшчыкаў.

У нядзелю ж у камернай зале імя Александроўскай у 18:30 канцэрт "Магія гуку". Нясумных выхадных!