Рубрыка "Праменад" з Ларысай Гулякевіч

24 мая 2019

Аўтарскія літаграфіі Марка Шагала ў Мінску, тэатральная дзейнасць Казіміра Малевіча і цікавасць французскай Гранд-апера да беларускай харэаграфіі. Плануем культурныя выхадныя.

Рубрыка "Праменад" з Ларысай Гулякевіч. Упершыню ў Мінску - падзеі Старога Запавету ў ілюстрацыях Марка Шагала. 64 творы вялікага майстра ХХ стагоддзя прадэманстраваны ў новай экспазіцыі галерэі "Лібра". Шагал авалодаў тэхнікай літаграфіі спецыяльна для стварэння тыражнай графікі з біблейскімі сюжэтамі, якія пачаў друкаваць у 30-я гады мінулага стагоддзя, а закончыў – пасля Другой сусветнай вайны. У экспазіцыю ўключаны і дваццаць чатыры работы з серыі "Вокны Іерусаліма", якія з'яўляюцца эскізамі вітражоў для сінагогі пры шпіталі ў сталіцы Ізраіля.

Дарэчы, падчас экспанавання ў выставачнай прасторы пройдуць лекцыі мастацтвазнаўцаў і сустрэчы са стваральнікамі фільмаў, прысвечаных Марку Шагалу. А вось імя Казіміра Малевіча звычайна асацыюецца з яго знакамітым творам "Чорны квадрат". Экспазіцыя ж "Тэатр мастака" знаёміць з нечаканым бокам творчасці пачынальніка абстрактнага мастацтва - як дэкаратара і мастака па касцюмах.

Яшчэ да з'яўлення сваёй знакавай работы Малевіч у 1913 годзе стварыў эскізы касцюмаў да оперы "Перамога над сонцам". Будучыя мадэльеры – студэнты Акадэміі мастацтваў, натхнёныя творчасцю, персанажамі і стылістыкай сусветна вядомага майстра з беларускімі каранямі, стварылі сапраўдны тэатр супрэматызму. Касцюмы нельга аднесці да стылю прэт-а-партэ - адзення, якое можна насіць у звычайным жыцці. Гэта жывапісны праект новага пакалення праз сто гадоў. Выстава касцюмаў, прысвечаная Малевічу, у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі будзе працаваць да другога чэрвеня.

Вялікі тэатр Беларусі ў нядзелю дае справаздачны канцэрт харэаграфічнай гімназіі-каледжа, выпускнікі якой становяцца артыстамі балетнай трупы не толькі Вялікага, але і замежных тэатраў. Дарэчы, на гэтым тыдні прадстаўнікі французскай Гранд-апера падчас свайго візіту прыглядаліся да тэхнічнай і творчай падрыхтоўкі маладых танцораў.
Прадстаўнікі кіраўніцтва Опера Гарнье прыехалі на радзіму Шагала, работамі якога ўпрыгожана Парыжская опера, каб пазнаёміцца з Вялікім тэатрам Беларусі. Наведванне ўрокаў і рэпетыцый беларускіх танцораў-пачаткоўцаў уваходзіла ў праграму візіту.
У нядзелю ў малой зале тэатра - канцэрт "Скрыпка - душа мая", а на тэрыторыі Верхняга горада з суботы стартуе праект Оpen air cinema, дзе кожны вечар пад адкрытым небам - кінасеансы розных жанраў. Прыемных і нясумных выхадных, і да наступнай пятніцы.