Рубрыка "Праменад" з Ларысай Гулякевіч

14 июня 2019

Яшчэ адна з экспазіцыйных пляцовак, якія ўваходзяць у культурную праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў, у Гістарычным музеі Беларусі.   Тут і выставы праекта "Арт-Мінск". А ў Нясвіжы на выхадныя – юбілейныя вечары Вялікага тэатра.

Падрабязнасці культурнай праграмы ўік-энда – у рубрыцы "Праменад" з Ларысай Гулякевіч. Асабістыя пачуцці да малой радзімы. Як школьнікі бачаць родныя мясціны, дзе жывуць, вучацца і праводзяць летнія канікулы. Дзяцінства ў малюнках - на выставе ў Гістарычным музеі. Удзельнікі Рэспубліканскай выставы - навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў усёй краіны. І прысвячаецца праект Году малой радзімы. У праекце, які быў ініцыяваны спецфондам Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, свае творчыя здольнасці прадэманстравалі дзеці з 45-ці раённых і абласных цэнтраў, сярод якіх Бялынічы, Ваўкавыск, Пружаны, Пінск, Маладзечна, Брэст, Гродна, Мінск і іншыя.

Дарэчы, Гістарычны музей з'яўляецца ўдзельнікам культурнай праграмы ІІ Еўрапейскіх гульняў. Ім прысвечана выстава "Наш любімы край - Беларусь". Экспазіцыю складаюць унікальныя калекцыі народных промыслаў, рамёстваў і этнаграфіі, а таксама творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вядомыя беларускія мастакі працягваюць народныя традыцыі і ў сучасным мастацтве. Вынікі сваіх творчых пошукаў у галіне жывапісу, графікі, скульптуры, мастацкага тэкстылю, керамікі і металу.

Тры чароўныя вечары пройдуць у беларускім Версалі - рэзідэнцыі Радзівілаў разам з Вялікім тэатрам Беларусі. Адкрыццё - сёння, а на выхадныя разнастайная праграма вечарын і канцэртаў, плюс неўміручая класіка: балет Пракоф'ева "Рамэа і Джульета" і опера Пучыні "Тоска".

Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў сёлета пройдуць дзясяты раз. Сярод мерапрыемстваў Нясвіжскага свята - музычны канцэрт, прысвечаны 200-годдзю Станіслава Манюшкі. У праграме творы кампазітара ў выкананні вядучых салістаў оперы і артыстаў аркестра Вялікага. Завершыць традыцыйны фестываль класічнага тэатральнага мастацтва ў Нясвіжы 16 чэрвеня гала-канцэрт. Вядомыя оперныя арыі і дуэты, яркія нумары балетных шэдэўраў, шлягеры сусветнай музычнай спадчыны. У галерэі Савіцкага адкрываецца выстава з Лондана, прысвечаная культавай спявачцы Эмі Уайнхаус, а побач ля Ратушы - свята Польшчы. Нясумных і прыемных выхадных!