Рубрыка "Праменад" з Ларысай Гулякевіч

26 апреля 2019

Палац мастацтва запрашае адразу на некалькі новых выстаў беларускіх аўтараў, але розных па жанрах і стылях. Сярод іх - керамічны праект "Арт-Жыжаль" і батык Алены Лось. У культурны цэнтар на Казлова зазірнула Ларыса Гулякевіч з рубрыкай "Праменад".

Шэраг творчых выстаў стартуюць у Палацы мастацтваў. Акварэлі і батык, распісныя партрэты, кераміка і арт-аб'екты... Кожны аўтар заслугоўвае асобнай увагі. 

 Сапраўднае свята керамікі! Праект "Арт-Жыжаль" адзначае сваё 15-годдзе. Спалучэнне жывога агню і гліны, удасканальванне мастацтва керамікі і новых тэхнік.

Сёлета тут дэманструецца больш за 200 адзінак прац, 109 кампазіцый. Усё гэта – вынік працы 56 удзельнікаў праекта розных гадоў. Заснавальнік пленэраў, якія штогод праходзяць пад Бабруйскам, - мастак-кераміст Валерый Калтыгін.

У пленэрах прымаюць удзел не толькі майстры-керамісты з усёй Беларусі, але і з 23 краін свету. Сярод іх - Індыя, Японія, ЗША, Францыя і Турцыя. Сёння лепшыя працы дэманструюцца на выставе.

Міфалагічныя істоты адначасова існуюць і як жывапісныя партрэты, і як увасабленне народнага светапогляду. Мастачка Алена Лось літаральна апісвае беларускі этнас праз яго гісторыю, казкі, навакольнае асяроддзе.

Аўтарская тэхніка, якая ўяўляе сабой складаную апрацоўку тэкстылю: аплікацыя, пляценне, роспіс тканіны, ручное фарбаванне, штампаванне, батык. Карціны, брошкі створаны за апошнія 35 гадоў. Алена Лось выкарыстоўвае ў сваіх творах веды па этнаграфіі, народным мастацтве і дэманструе віртуознае валоданне рознымі матэрыяламі. У выхадныя выстава папоўніцца аўтарскім адзеннем.

Больш за 30 маштабных жывапісных прац, а таксама арт-аб’екты, якія найбольш поўна адлюструюць беларускага мастака Алеся Фалея.

Алесь Фалей больш за 30 гадоў працуе ў жывапісе, графіцы, скульптуры, у тэхніцы мастацкага кавання. Стварае арт-аб'екты ў асабістым аўтарскім стылі, таксама заўсёды эксперыментуе ў розных тэхніках.

Вас яшчэ чакаюць у выхадныя фестываль франкафонных дзіцячых спектакляў і выстава "Яйкі Фабержэ", прысвечаная велікодным святам. Прыемных і нясумных выхадных!