Рубрыка "Праменад" з Ларысай Гулякевіч

6 июля 2018

Новыя экспазіцыі ў мінскім Палацы мастацтва, у тым ліку - ваяж беларускіх мастакоў па краінах і па часе і фотапраект Марыны Бацюковай. Каля гарадской ратушы - фінальны джазавы вечар - і тэма фэсту «У джазе толькі дзяўчаты». Плануем культурныя выхадныя з Ларысай Гулякевіч і рубрыкай "Праменад".

Чатыры новыя выставачныя праекты ў Палацы мастацтва. Сярод іх дзве аўтарскія выставы і фотапраект Марыны Бацюковай "Рызомы".

Гісторыкі гавораць, што ў беларусаў унікальны шлях нацыянальнага развіцця. Свае пошукі ідэнтычнасці прадэманстравала фотамастак Марына Бацюкова. Карані, сям'я, мясціны і людзі -  усё з чым асацыюецца Радзіма. Выстава складаецца з некалькіх частак. Акрамя чорна-белых і каляровых фотаработ, лісты з выказваннямі вядомых асоб аб паняцці "беларускасць", а таксама інтэрактыўная частка, дзе кожны можа пакінуць важныя для сябе словы.

У іншых дзвюх залах Палаца мастацтва адкрыліся юбілейныя выставы двух беларускіх мастакоў - жывапісцаў Юрыя Козела і Пятра Прохарава. У экспазіцыі Юрыя Козела - пейзажы з гістарычнымі і культавымі архітэктурнымі забудовамі, а таксама краявіды роднага краю, прысвечаныя малой радзіме аўтара. Выстава ж Пятра Прохарава дэманструе не толькі жывапіс, але і цікавыя фотаработы з асабістым поглядам мастака.

Вільнюс 50-х, Індыя сярэдзіны 80-х, Егіпет двухтысячных... Выстава "Ваяж, Ваяж" дэманструе творы беларускіх мастакоў розных пакаленняў, якія пабывалі ў многіх краінах свету і выказалі свае ўражанні мастацкай мовай жывапісу, графікі і скульптуры.

У экспазіцыі - работы розных перыядаў: ад 50-60-х гадоў і да сучаснасці. Праект "Ваяж, Ваяж" ахоплівае звыш сотні твораў з усёй Беларусі, а гэта дэкаратыўнае мастацтва, кераміка, шкло, графіка, жывапіс. Выстава на Казлова, 3 працягнецца да 15 ліпеня.

7 ліпеня - апошні джазавы вечар у гэтым сезоне. Тэма фэсту "У джазе толькі дзяўчаты". Чакаем выступлення жаночых груп з Францыі, Кубы, Ізраіля і Беларусі. Канцэрты ў фармаце опен-эйр. Уваход на джазавае свята ля ратушы вольны.

Інструментальная і вакальная джазавая музыка самых розных стыляў і напрамкаў. Ад класічнага джаза і свінга да бібопа, этна і смус-джаза гучала сёлета ў канцэртных праграмах міжнароднай культурнай акцыі «Джазавыя вечары». У шостым фестывалі прымалі ўдзел музыканты з Беларусі, Францыі, Кубы, ЗША, Расіі, Ізраіля, Германіі, Бразіліі.

Заўтра ўвечар а палове дзевятай - "У джазе толькі дзяўчаты" з розных краін.

І ў суботу, і ў нядзелю раю зазірнуць у Батанічны сад - там канцэрты сучасных выканаўцаў у новым фармаце, які ўпісваюць Беларусь у фестывальную карту Еўропы. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.