Рубрыка "Праменад" пра культурныя падзеі сталіцы

26 февраля 2021
Хто стане лепшым у сучаснай харэаграфіі - даведаемся ў выхадныя. У Мінску - фінал рэспубліканскай прэміі "Крылы. Абуджэнне". Паралельна прастора канцэртнай залы "Верхні горад" напоўніцца армянскім сапрана Гоар Акапян. Больш падзей культурнай афішы сталіцы - у нашым арт-дайджасце з Лідзіяй Заблоцкай

Калі ў топе вашых любімых беларускіх пісьменнікаў Мележ і Шамякін, а звесткі з "Вікіпедыі" пра іх даўно вывучаны - эксклюзіўныя падрабязнасці творчасці і дэпутацкай дзейнасці шукайце ў Прэзідэнцкай бібліятэцы. Ніякіх квіткоў або бібліятэчных картак - для вывучэння рукапісных дзелавых перапісак і кінасцэнарыяў спатрэбіцца толькі пашпарт.

Увага - на самае першае выданне "Людзей на балоце" - за 62-гі год. Кожная кніга - з аўтографам ад аўтара. Сядай за стол і перачытвай творы народных. Побач - крытычныя артыкулы і манаграфіі, пераклады на чэшскую, нямецкую, англійскую мовы. Упершыню апублікавалі і асабістыя запісы з дэпутацкай працы абодвух аўтараў. Так, дасканалае вывучэнне арыгінальнага канспекта нью-ёрскага пасяджэння ААН і асабістыя праўкі ў Канстытуцыю 1978-га года.

Глядзець стужку  і ўбачыць розніцу паміж сцэнарыем і кнігай. Арганізатары знайшлі арыгінальныя планы здымак у альбомах: там фота з акцёрскіх кастынгаў і этапаў кінавытворчасці. А для атмасферы сельскага жыцця, пра якую пісаў дуэт з-пад Гомеля, - атрыбутыка з паліц "Беларусьфільма". 

Потым прапануем кінашэдэўры змяніць на арт-падарожжа. Віза не патрэбна, замест мяжы - калідор. Тут жа, у бібліятэцы, віды на знакаміты Ніягарскі вадаспад і першы снег у Вязынцы.

Краявіды і замалёўкі з натуры - ад мастака Віктара Барабанцава. Выкладчык Акадэміі мастацтваў 20 гадоў таму атрымаў прэстыжную прэмію "За духоўнае адраджэнне", а зараз працягвае фарміраваць партфоліа з рэалістычнага жывапісу, серыі пра Чарнобыль і партрэтаў Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і Максіма Багдановіча. У калідорах жа - палотны, напісаныя у розных кутках планеты. 

Рэпартажы, але ўжо не алеем, а ў графіцы, шукаем у холах Нацыянальнага мастацкага музея. Чатыры дзясяткі работ, шмат без геалакацый, тут увогуле яркія дэталі беларускіх краявідаў - да 80-годдзя з дня нараджэння мастака Леаніда Марчанкі.

Пайшоў з жыцця ў 96-м, але паспеў распрацаваць свой стыль праз акварэлі, алоўкі і літаграфіі. Маляваў тое, што бачыў сваімі вачыма: палярны круг, Туркменію, клопаты палескіх дзяўчат, будаўніцтва БАМ і ператварэнне Мінска.

Працы майстра закупілі ў асабістыя калекцыі Траццякоўская галерэя і Цэнтральны дом мастака ў Маскве, Музей сучаснага мастацтва ў Кёльне. Калі і вы вырашыце разгледзець калекцыю заўтра, то ў холах пачуеце спевы дзіцячага хору "Клавішы" з праваслаўнымі песнямі.

І добрая навіна для тэатралаў. Дзверы Купалаўскага адчыняюцца праз паўгода маўчання. Ёсць магчымасць убачыць, як амаладзілі "Паўлінку". Ужо ідзе продаж квіткоў на прэм'ерны паказ 3 сакавіка. Паспейце купіць. У афішы - дэбюты маладых акцёраў і "купалаўскія рэплікі" пра "тудыма-сюдыма" - з вуснаў народных патрыярхаў. Штодзень мы распрацоўваем лепшы культурны маршрут. Сачыце за навінамі на сайце Белтэлерадыёкампаніі.