Рубрыка "Праменад"

6 ноября 2015

Наперадзе выхадныя. Як правесці іх цікава і змястоўна? Адно з галоўных мерапрыемстваў - адкрыццё міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”.

А сталічныя музеі запрашаюць пазнаёміцца з беларускай мастацкай школай і эстонскімі храмамі. Падрабязнасці ў нашай рубрыцы “Праменад” з Ларысай Гулякевіч.

Сёння ў сталічным кінатэатры “Масква” адкрыццё XXII Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Віп-госцем форуму стане зорка французскага кіно Фані Ардан, якая прадэманструе публіцы свой фільм “Дакучлівыя рытмы”.

У праграме Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” 180 фільмаў, міжнароднае прадстаўніцтва з 60 краін, а 5 сталічных кінатэатраў стануць галоўнымі пляцоўкамі форуму.

Традыцыі і новыя формы - вось формула сёлетняга "Лістапада”. Адкрывае фестываль сусветная прэм’ера рэжысёра Гіёма Ніклу “Даліна кахання”. Цырымоніі адкрыцця і закрыцця фестывалю пройдуць у мінскім кінатэатры “Масква”.

Палац мастацтваў запрашае пазнаёміцца не са сталічнай школай беларускіх скульптараў, графікаў і мастакоў. Выстава “Варыянт існасці” прапануе работы мастакоў з Магілёўшчыны.

Кожная вобласць Беларусі мае свой мастацкі почырк. Магілёўская і Бабруйская арганізацыі хоць і не самыя вялікія па колькасці мастакоў, але даволі багатыя на яркія асобы ў беларускай мастацкай прасторы. І гэта невыпадкова, бо існуюць вельмі моцныя традыцыі беларускай школы, закладзеныя знакамітымі папярэднікамі. На Магілёўшчыне нарадзіўся шэраг мастакоў, вядомых не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі: Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Антон Бархаткоў, Павел Масленнікаў і многія іншыя.

У экспазіцыі больш за сто праваслаўных капліц і храмаў. Гарадскіх і сельскіх. Самыя старажытныя датуюцца XVII стагоддзем. Ёсць і саборы, узведзеныя ў апошняе дзесяцігоддзе. Дэманструюцца выявы толькі тых цэркваў, дзе і сёння праходзяць службы. Сабор Аляксандра Неўскага ў Таліне пабудаваны ў 1900 годзе на ахвяраванні прыхаджан. У ХХ стагоддзі тут служыў айцец Міхаіл - бацька Найсвяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія.

У нядзелю ў камернай зале Вялікага тэатра Беларусі ў выкананні вядучых артыстаў оперы і аркестра прагучаць творы Міхала Клеафаса Агінскага. А для дзяцей будуць паказаныя спектаклі Гродзенскага абласнога тэатра лялек.

Нясумных выхадных!