Актуальны культурны гайд па лакацыях, дзе можна натхніцца, атрымаць добры настрой, правесці выхадныя разам з блізкімі ці сябрамі дзе-небудзь у галерэі або глядзельнай зале. На "Праменад" адпраўляемся з Лідзіяй Заблоцкай.
Не сумняваемся, што сёння асабліва добры настрой у вашых дзяцей і ўнукаў. Апошні дзень чвэрці, адзнакі выстаўлены, таму гульням можна адвесці не толькі гадзіну, а ўвесь тыдзень. Пачаць прапануем ужо ў найбліжэйшую нядзелю. Маладзёжны тэатр эстрады рэпеціруе прэм'ерны мюзікл, дзе ролі будуць і ў маленькіх гледачоў.
Пазмагаюцца ў супрацьстаянні дабра і зла адначасова 256 хлопцаў і дзяўчат - менавіта столькі змяшчае зала тэатра. Мастацкі кіраўнік калектыву сфантазіравала абсалютна новых герояў-пупсаў, якія падрыхтавалі цэлы квэст для вядзьмаркі Гаргамэлі. Дзеці да 10 гадоў сапраўды не засумуюць.
Гэта пакуль на рэпетыцыі з дэкарацый толькі стул, на справе ж - для чарадзейства з'явіцца ўся атрыбутыка і нават вядзьмарскае зелле! У спектаклі толькі 16 акцёраў, масавасці і дынамікі дзейству нададуць самі гледачы. Дарэчы, музыку пісалі фактычна з нуля, пачуеце сучасныя аранжыроўкі, танцаваць дазваляецца!
Інтэрактыў на гэтым не скончыцца. Адразу пасля можаце адправіцца на індывідуальны квэст у Нацыянальны мастацкі, дзе запрашаюць асабіста прасачыць, якія карціны змяніліся ў пастаяннай экспазіцыі. Пакуль на рамонце новы корпус, але «Лесвіцу ў неба» ўжо пабудавалі тут, у галоўным. Праўда, графікай, акварэллю і тушшу.
Гэтая імпрэза - цэлы філасофскі трактат для дарослых. У ста смелых аркушах - акцэнты нацыянальнай самасвядомасці! Графіку ад рукі і скульптуры Уладзіміра Вішнеўскага прэзентуюць у гэтыя хвіліны ў Нацыянальным мастацкім. Праз афорт, акварэль і туш майстар замаляваў сваё бачанне песеннага фальклору, старадаўняе Вялікае Княства Літоўскае і чарнобыльскую трагедыю.
Творы Вішнеўскага захоўваюцца нават у Музеі сучаснага рускага мастацтва ў Нью-Ёрку. Зараз майстар адабраў, бадай, лепшае за 44 гады працы.
Такі ж канцэпт - у Цэнтры сучаснага мастацтва. Філіял, які на Някрасава. Тут, у арт-холах, размясцілі 33 творы. Выбралі самае каштоўнае з таго, што закупілі за пяць гадоў працы цэнтра. Перавагу аддалі тым сродкам выражэння, якія адлюстроўваюць менавіта беларускае сучаснае мастацтва. Вось, напрыклад, эксперыментальным скульптурам.
Лічыце, што гэта - яшчэ адна абстракцыя з пазнакай "Зроблена ў Беларусі". Такая культурная рэвізія прайшла для тысячы твораў. Тут - ад класічных скульптур Канстанціна Селіванава да аўтарскай мэблі Эліны Шындлер. Усё цэнтр набываў за сродкі дзяржбюджэту асабіста ў беларускіх аўтараў.
Яшчэ ў канцэпце - працы лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва і карціны віцебскіх прадаўжальнікаў мастацкага аб'яднання – УНОВІС.
Калі вы пазначылі ў нататніку новыя месцы для натхнення, прапануем яшчэ адно - і зноў інтэрактыўнае. Вялікі тэатр адчыняе дзверы, кожны вечар панядзелка запрашае танцаваць на галоўную сцэну.
Такі шанец атрымаюць удзельнікі Вялікага навагодняга балю. Танцавальная ноч запланавана ў афішы з 13 на 14 студзеня. Для тых, хто ўжо набыў квіткі, пачаліся першыя рэпетыцыі. Пары развучаць паланэз, контрданс, польку. Усяго восем танцаў.
Наступная рэпетыцыя для тых, хто купіць квіток, ужо ў панядзелак. А паралельна павіншуйце сёння народнага артыста СССР Валянціна Елізар'ева з 73-м днём нараджэння! Праводзьце час з карысцю для сябе і атрымлівайце задавальненне! Сустрэнемся на праменадзе!













