Рубрыка "Праменад"

29 марта 2019

У Палацы мастацтваў сёння адкрываецца адразу 4 выставачныя праекты. Беларускія мастакі розных пакаленняў прапанавалі свае творчыя экспанаты. А ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі шэраг канцэртаў. Куды лепш адправіцца на праменад у гэтыя выхадныя - падкажа Ларыса Гулякевіч.

Гэтым разам рубрыка "Праменад" зазірнула ў Палац мастацтваў. Тут адкрываецца адразу некалькі экспазіцый беларускіх мастакоў. Першы паверх займае экспазіцыя "Зорны шлях Язэпа Драздовіча" - творчае прысвячэнне 130-годдзю з дня нараджэння мастака. На выставе творы жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прызнаных майстроў сучаснасці. Частка з іх з Віцебшчыны - родных мясцін Язэпа Драздовіча.

Праект "Лабірынт" знаёміць са стыльным і жанравым багаццем сучаснага жывапісу і дапамагае ўбачыць разнастайнасць маляўнічых рашэнняў, якая з’яўляецца адметнай рысай мастацтва нашага часу. Асаблівасць выставачнага праекта "Лабірынт", які ладзіцца ўжо трэці раз, - экспанаванне работ старэйшага пакалення мастакоў, якія зрабілі значны ўклад у выяўленчае мастацтва і культуру Беларусі. Гэта Май Данцыг, Леанід Шчамялёў, Васіль Сумараў і шмат іншых.

Выстава ўмяшчае каля ста твораў. Рэальнае і міфічнае, сімволіка беларускіх абрадаў. За кожным аўтарскім творам - дасканалае вывучэнне гісторыі і традыцый сваёй краіны. Усе яны маюць глыбока філасофскае гучанне. Сузіраючы прыроду і навакольны свет, аўтар стварае сваю індывідуальную мастацкую прастору.

Усе выставы Палаца мастацтваў прадоўжацца да 9 красавіка. У панядзелак уваход для наведвальнікаў бясплатны. Яраслаў Макарыч - малады беларускі гітарыст-віртуоз, якому падуладныя ўсе эпохі і стылі: ад класікі да сучаснасці - запрашае ў нядзелю на сольную праграму у Белдзяржфілармонію.

Гітарыст новага пакалення. Ён надае музычным творам асаблівы настрой і знаходзіць цікавыя інтэрпрэтацыі. З 9 гадоў Яраслаў актыўна выступаў з дарослымі прафесійнымі артыстамі. У 17 - стварыў уласны праект, які збірае вядомых беларускіх і расійскіх музыкантаў пад творчым знакам гітары. У свае 24 гады Яраслаў Макарыч - лаўрэат Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі, фіналіст і пераможца міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. На гэты раз Яраслаў зноў збярэ сяброў і калег. У праграме нядзельнага вечара - музыка эпохі барока, рамантызму і класіцызму, а таксама джаз, фламенка, танга і аўтарскія кампазіцыі.

А ў суботу лепшыя саксафаністы краіны запрашаюць на саксафон-форум, які адбудзецца таксама тут, у Белдзяржфілармоніі. Прыемных і нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.