Рубрыка Праменад

28 ноября 2014

Фартэпіянны канцэрт у стылі мінімалізму і тэатральныя перформансы. Сёння пятніца, а гэта значыць - час планаваць выхадныя. Юлія Лосікава падкажа, на якія падзеі звярнуць ўвагу.


У гэтыя выхадныя прапаную вам раскансерваваць сучаснае беларускае мастацтва адным рухам. У Мінску зараз праходзіць чацвёртая Нацыянальная біенале. Разнастайныя мастацкія формы і жанры ў чатырох выставачных пакоях. Абяцаю, вам будзе на што падзівіцца.


Галоўная роля біенале - сутыкнуць тых, хто не ў тэме, з цячэннем сучаснага мастацтва ў скульптуры, жывапісе і графіцы. Дарэчы, такі нацыянальны павільён збіраецца раз у два гады. У акадэмічных мэтраў, як і ў пакалення авангарда, ёсць час, каб падрыхтаваць на конкурс свой мастацкі скарб.


Варыяцыі ад 120 мастакоў з усёй краіны трапілі на біенале праз конкурс. Усяго абралі больш за 500 экспанатаў не падпарадкаваных агульнай тэме. Галоўнае - прадэманстраваць ідэю і аўтарскую канцэпцыю. На ўваходзе на выставу вам дадуць бланк для галасавання, не халтурце. Ад вас залежыць лёс мастацтва.


Калі вы прапусцілі запуск вялікага адроннага калайдара ў 2008 годзе, у вас з'явіўся шанц метафізічна перажыць гэты момант. Зараз растлумачу. У Мінску ў гэтую суботу плануецца канцэрт-марафон музыкі Філіпа Гласа. Менавіта пад яго стварэнне запусцілі і адронны калайдар і Алімпійскія гульні ў 1984 годзе.


У суботу на сталічнай пляцоўцы канцэрт музыкі Гласа адыграе француз Нікаля Харват. Кампазітар і піяніст, ён сабраў фартэпіянныя прысвячэнні маэстра Гласу ад аўтараў з дзевяноста краін свету. Яны таксама прагучаць на канцэрце. За сем гадзін ніводнага перапынку, кожны, хто жадае, зможа свабодна прыходзіць у канцэртную залу і пакідаць яе. Аматарам мінімалістычнага гучання падчас канцэрта дазваляецца сядзець, стаяць і нават легчы на падлогу.


Тэатральны марш-кідок для самых лепшых. У сталіцу на адзін тыдзень прыехалі разнастайныя тэатральныя пастаноўкі. Музычныя, лялечныя і драматычныя калектывы з усіх рэгіёнаў Беларусі падзялілі паміж сабой пляцоўку, публіку і час.


У Мінску праходзіць Нацыянальная тэатральная прэмія. У вас яшчэ ёсць унікальная магчымасць паспець паглядзець, як акадэмізм і эксперыментальны тэатр змагаюцца за прэстыжнае званне лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі. У гэтую суботу яшчэ 4 нон-стоп паказы, а ў нядзелю афіцыйная цырымонія закрыцця.