Рубрыка "Праменад"

22 мая 2015

Латышскае сучаснае мастацтва, італьянская опера і беларуская старажытная музыка ў Радзівілаўскім палацы на фестывалі "Музы Нясвіжа" - усё гэта на гэтых выхадных.

Наша пятнічная рубрыка "Праменад" з Ларысай Гулякевіч. "Каханне ніколі не заканчваецца" - так называецца выстава латышскага сучаснага мастацтва. Тут і жывапіс, і сцэнаграфія, і скульптура, і фатаграфія, якія знаёмяць нас з творчай сучаснай Латвіяй. Экспазіцыю дапаўняюць невялічкія апавяданні пра творы, краіну, аўтараў.

Латышскія і беларускія мастакі збяруцца на адкрыцці выставы сёння ў Цэнтры сучаснага мастацтва Беларусі. На экспазіцыі - больш за 20 буйнафарматных фотарэпрадукцый. Гэта гістарычны экскурс у сучаснае латышскае мастацтва з 1990 года, а таксама адлюстраванне галоўных мастацкіх напрамкаў у Латвіі - мастацтва рэпартажнай фатаграфіі, фармалізм і неаканцэптуалізм.

Опера "Аіда" найбуйнейшага кампазітара ўсіх часоў і народаў Джузепе Вэрдзі - ў рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі чатыры сезоны. Але самая першая прэм’ера адбылася ў Каіры ў 1871 годзе, 145 гадоў таму. Яна спецыяльна была напісана да адкрыцця новага Каірскага опернага тэатра.

Дзеянне адбываецца ў Мемфісе і Фівах у часы ўладарання фараонаў. Опера "Аіда" - аб няшчасным каханні лідара егіпецкіх войскаў Радамеса і рабыні Аіды – дачкі эфіопскага цара, з якім змагаюцца егіпцяне. Пастаноўка ў Вялікім тэатра Беларусі - у гэту нядзелю, опера выконваецца на італьянскай мове з субцітрамі.

Знакаміты Радзівілаўскі палац запрашае на музычны фестываль "Музы Нясвіжа". Штогадовы культурны праект пачынаецца сёння (22-га мая) і прадоўжыцца ўвесь заўтрашні суботні дзень. На працягу некалькіх гадоў фестываль з’яўляецца сімвалам адраджэння музычнага мастацтва Беларусі.

Фестываль "Музы Нясвіжа" - яднанне з агульнаеўрапейскім мастацтвам і такімі творчымі сферамі як тэатр, архітэктура, жывапіс. У Палацава-паркавым комплексе - былой рэзідэнцыі аднаго з багацейшых у Еўропе рода - Радзівілаў - будзе гучаць музыка айчынных музыкантаў, класічныя і эстрадныя творы. У праграму "Музаў" уваходзяць майстар-класы, выставы, спектаклі.

Прыемна вам бавіць час, нясумных выхадных!