Рубрыка "Праменад"

26 февраля 2016

Лепшыя работы майстроў італьянскага Адраджэння, эстонскае сучаснае мастацтва і прыгоды селяніна... Як адметна і нясумна правесці надыходзячыя выхадныя - ведае Ларыса Гулякевіч, рубрыка "Праменад".

Галерэя «Універсітэт культуры» прапануе эстонскую выставу «MINIPRINT Талін-Мінск». Экспазіцыя прысвечана Дню Незалежнасці Эстонскай Рэспублікі.

Эстонскае сучаснае мастацтва і культура даволі мала прадстаўленыя ў нашай краіне. Усе ўяўленні і стэрэатыпы пра балтыйска-скандынаўскую Эстонію паходзяць, хутчэй, з савецкага мінулага. Гэта першы праект такога тыпу ў Беларусі.

Эстонскія мастакі працавалі ў фармаце малых форм і ў сваіх кампазіцыях выкарыстоўвалі разнастайныя графічныя тэхнікі, асабісты аўтарскі стыль і почырк. Ад філіграннага выканання да вялікіх мастацкіх форм. Выставу “MINIPRINT Талін – Мінск» ужо ацанілі спецыялісты ў Таліне, Пскове и Маскве, зараз справа за беларускімі мастацтвазнаўцамі. Для выставы было абрана 107 графічных работ ад сарака чатырох мастакоў, якія прадставілі толькі частку графічнага мастацтва Эстоніі.

Прыгоды селяніна, які жыў у аўтэнтычнай беларускай вёсцы 19 стагоддзя. На гісторыка-народнае свята ў нядзелю запрашае Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.

Музей народнай архітэктуры і побыту, што у вёсцы Азярцо недалёка ад Мінска, звяртаецца да неабыякавых у сэнсе павагі да сваёй гісторыі і любові да беларускіх традыцый, людзей. Мерапрыемства «Мужчына-селянін!» з цыкла “Лютаўскі мужчына” адбудзецца ў нядзелю. Гэта інтэрактыўны аповед пра лёс, побыт, рамёствы і прыгоды мужчыны канца ХІХ ст. з беларускай вёскі. Вясёлы і інфарматыўны час у пошуках сапраўднага беларускага селяніна разам з лепшымі мужчынамі-музеязнаўцамі. Тут і беларускія народныя рамёствы: кавальства, ганчарства, дрэваапрацоўка, і мастацтва працы млынара. Чакае вас жывая народная музыка, расповед пра жыццё і вясёлыя жарты аб побыце беларускага селяніна ад навуковых супрацоўнікаў, таксама майстар-клас па традыцыйных танцах, катанне на конях.

Культурная прастора "Цэх" прапануе пасля Ван Гога новы мультымедыйны праект «Мікеланджэла. Стварэнне сусвету». Лепшыя работы майстроў італьянскага Адраджэння! Творы Леанарда да Вінчы, Рафаэля, Джота, Бацічэллі, Ціцыяна... Знакамітыя фрэскі Сікстынскай капэлы і скульптуры Мікеланджэла Буанароці - у 3D-фармаце спалучаюцца са спецэфектамі. І ўсё гэта пад музыку Баха, Гендэля, Орфа. Аўдыявізуальнае шоу доўжыцца 40 хвілін. Ідэя выставы ўзнікла з-за немагчымасці разглядзець роспіс столі Сікстынскай капэлы ў Ватыкане. Роспіс займае больш за 500 квадратных метраў і захоўвае каля 300 фігур. А ў цэнтры знаходзіцца дзевяць сцэн з Ветхага запавету.