Рубрыка "Праменад"

22 декабря 2017

Напярэдадні каталіцкіх Каляд выхадныя абяцаюць быць святочнымі і вясёлымі. Аўтарскія лялькі ў Цэнтры сучасных мастацтваў, юбілейная выстава Валерыя Шкарубы і "Аганёк" у стылі 60-х у дворыку Нацыянальнага гістарычнага. Усе падрабязнасці ведае Ларыса Гулякевіч. Рубрыка "Праменад".

Чарговы праект Панна Doll’я стартуе заўтра. Выстава - сімбіёз жывапісу і аўтарскай лялькі. Лепшыя майстрЫ Беларусі і краін СНД прадставяць работы з навагоднім настроем у розных мастацкіх тэхніках.

Сёлета міжнародная выстава адрозніваецца ад мінулых. Акрамя аўтарскай лялькі з Францыі, Расіі, Украіны, краін Балтыі і СНД, на выставе прысутнічае жывапіс піцерскага мастака Пятра Фралова. Больш за 150 работ, зробленых у адзіным экзэмпляры. Плюс персанальныя праекты нашых беларускіх мастакоў Ганны Селівончык і Васіля Пешкуна. Працаваць яна будзе у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў на праспекце Незалежнасці з 23 снежня па 27 студзеня.

А Нацыянальны мастацкі запрашае на юбілейную выставу аднаго з самых запатрабаваных мастакоў Беларусі Валерыя Шкарубы.

Звычайны беларускі пейзаж, але са шкарубаўскім шармам. Яго мастацкі почырк пазнавальны і выклікае хвалі эмоцый і асацыяцый. Родам з Барысава, Валерый Фёдаравіч заўсёды імкнецца намаляваць не той канкрэтны пейзаж, што ўбачыў у рэальнасці, а створаны ў яго ўяўленні. Заслужаны дзеяч Беларусі Валерый Шкаруба запатрабаваны не толькі на радзіме, але і за мяжой. Выстава прымеркавана да 60-годдзя беларускага мастака, пачне працаваць заўтра і працягнецца па 21 студзеня.

Зазірнуць на «Аганёк у стылі 60-х» прапануе дворык Нацыянальнага гістарычнага музея ў суботу. У адзенні пажадана вытрымліваць стыль 60-х.

Адключыць мабільныя тэлефоны, усе сучасныя гаджэты і на пару гадзін акунуцца ў атмасферу гумару, кіно і дваровых гульняў 60-х гадоў савецкага часу. Для некаторых гэта гады дзяцінства, іншыя ведаюць пра тыя часы ад матуль і бабуль. Дворык Нацыянальнага гістарычнага музея прапануе падарожжа па часе і аднавіць калырыт мінулай эпохі 23 снежня а 20 гадзіне.

Казачны марафон з лепшых спектакляў рэпертуару дзяржаўнага тэатра лялек - з 23 снежня па 7 студзеня. Нясумных выхадных.