Рубрыка “Праменад”

6 марта 2015

У гэтыя выхадныя ўсе канцэрты, вечарыны ці выставы, спектаклі ці арт-перформансы прысвячаюцца вясенняму святу 8 Сакавіка і… жанчынам.

Пятнічная рубрыка "Праменад" з Ларысай Гулякевіч. Безумоўна, гэты ўікэнд будзе прысвечаны ўсім дзяўчатам: Вясне, Прыгажосці, Весялосці, Любові, Веры і Надзеі. "Усе кветкі для жанчын" падорыць канцэрт на вялікай сцэне Белдзяржфілармоніі. Адразу некалькі беларускіх калектываў падрыхтавалі святочную праграму да 8 Сакавіка.

Фальклорная група "Купалінка", ансамбль "Гуляй, казак" і народная візітоўка краіны "Харошкі". Дарэчы, у рэпертуары Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля беларускія сярэдневяковыя і народныя танцы, тэатралізаваныя харэаграфічныя праграмы. У канцэрце "Усе кветкі для жанчын" "Харошкі" выступяць з харэаграфічнымі нумарамі "Дрыготка" – гісторыя кахання, "Кужалёк" – зімовы абрадавы танец і тэатралізаванае вакальна-харэаграфічнае выступленне "Юр’еў конь".

Стваральнік свайго тэатра, свайго стылю, свайго балетнага сусвету. Барыса Эйфмана называюць адным з вядучых харэографаў свету. Балет "Радэн" прысвечаны лёсу і творчасці вялікіх скульптараў Агюста Радэна і яго вучаніцы, каханай і музы Камілы Кладэль.

Гісторыя іх страсці трагічная. 15 гадоў Радэн і Кладэль складалі адно цэлае, сатканае з пачуццяў, творчасці і кахання. Аднак разрыў паміж мастакамі нанёс удар па душэўным здароўі Камілы і стаў пачаткам яе гібелі. "Радэн" Барыса Эйфмана – сучасны псіхалагічны балет, творчае выказванне на тэму трагічнасці жыццёвага шляху геніяў, паказанае ўнікальнай мовай пластыкі. Спектакль "Радэн" на музыку Равеля, Сен-Санса, Масне ў выкананні Санкт-Пецярбугскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра адбудзецца 7 сакавіка на сцэне Вялікага тэатра Беларусі.

Правесці свята 8 Сакавіка ў модным джаз-клубе – такі падарунак спадабаецца сучаснай жанчыне з добрым густам. Блюз легендарнага БіБі Кінга, гітарныя сола і захапляльны вакал.

Рыцары блюза ў джаз-клубе Яўгена Уладзімірава, што ў Палацы Рэспублікі, запрашаюць у атмасферу ўсімі любімых залатых хітоў. "Love Me Two Times", "Tears in heaven", "Louisiana Blues", "A Little Bit of Blues", "Georgia on my Mind", "Let my people go", "Wonderful World", а таксама спецыяльныя сюрпрызы ў дзень свята Вясны!
Нацыянальны мастацкі музей Беларусі прыдумаў нешта незвычайнае ў праекце "Жанчына - гэта мастацтва". Сапраўды, якое мерапрыемства ні вазьмі ў гэтыя выхадныя – усё з рамантычным адценнем, а галоўны персанаж - яе вялікасць Жанчына. Прыемна правесці час!