Рубрыка "Праменад"

2 марта 2018

Не толькі на музычныя імпрэзы багаты пачатак вясны. Так, у Музеі тэатральнай культуры экспазіцыя "Вобраз жанчыны ў фарфоры"; у Гістарычным музеі - графіка Сальвадора Далі, а ў галерэі «Універсітэт культуры» - распісныя ракеткі з Ізраіля. Падрабязнасці ў рубрыцы "Праменад" з Ларысай Гулякевіч.

У Мінску сто арыгінальных графічных работ, створаных Сальвадорам Далі. Гэта ілюстрацыі да неўміручага твора Дантэ Аліг'еры "Боская камедыя". Экспазіцыя дае магчымасць больш дакладна пазнаёміцца з сусветным літаратурным творам.

У Нацыянальным гістарычным музеі экспануецца больш за 100 ілюстрацый кнігі "Боская камедыя" да святкавання 700-годдзя італьянскага пісьменніка Дантэ Аліг'еры. Юбілейнае выданне, створанае мастаком Сальвадорам Далі, убачыла свет у 1965 годзе. На працягу пяці гадоў гравёр Раймон Жаке з асістэнтам уручную выразаў да трох з паловай тысяч дошак, якія знішчаліся пасля таго, як тыраж быў надрукаваны. З'яўленню графічных работ папярэднічала серыя акварэляў, якую італьянскі ўрад заказаў іспанскаму мастаку Сальвадору Далі ў 1951 годзе.

"Вобраз жанчыны ў фарфоры" - экспазіцыя, безумоўна, прымеркавана да веснавога свята і аб'ядноўвае фарфоравыя статуэткі заводаў Германіі, Расіі, Украіны, Латвіі і Беларусі, створаныя ў перыяд ад 1930-х гадоў мінулага стагоддзя да нашых дзён.

Казачныя персанажы - гаспадыня Меднай гары, усім знаёмыя Ясь і Яніна. Мінскі калекцыянер Віктар Сувораў збіраў вобразы жанчын у фарфоры 15 гадоў. Экспанаты з вядучых заводаў Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і Прыбалтыкі. У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры толькі частка фарфоравай калекцыі. Убачыць мініяцюрныя экспанаты можна да канца сакавіка.

Як звычайныя драўляныя ракеткі ператварыліся ў сапраўдныя творы мастацтва, расказвае выстава ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”.

Пляжны тэніс, які аб'ядноўвае якасці пляжнага валейбола і тэніса, даўно стаў ізраільскім брэндам, нацыянальным відам спорту і неад'емнай часткай жыцця ізраільцяніна. У экспазіцыі сабраныя арт-ракеткі, якія раскрываюць характар і ментальнасць краіны. Унікальная выстава - вынік супрацоўніцтва буйных мастакоў, аб'яднаных агульнай ідэяй, якая належыць ізраільскаму мастацтвазнаўцу Яфе Меір.

Балет "Бахчысарайскі фантан" у нядзелю дае Вялікі тэатр Беларусі.