Рубрыка "Праменад"

5 января 2018

Навагоднія святы працягваюцца! Дзіцячыя ёлкі, ранішнікі, забаўныя праграмы прапаноўваюць амаль усе тэатры. У спектаклях для дарослых таксама захоўваецца казачны сюжэт і гучыць чароўная музыка. Падрабязнасць навагодне-каляднага тэатральнага рэпертуару ў Ларысы Гулякевіч.

У суботу рамантычная опера "Іаланта" Пятра Чайкоўскага. Гэта апошні і адзін з самых светлых яго твораў. У аснове сюжэта - казка Генрыха Герца "Дачка караля Рэнэ". Яна пазбаўлена зроку, але, паводле загаду караля, усім забаронена гаварыць ёй пра гэта.

Далей у сюжэце незнаёмы рыцар Вадэмон, які прыехаў здалёк і захапіўся прыгажосцю Іаланты, міжволі раскрывае ёй таямніцу. Гэтая гісторыя зачаравала Пятра Чайкоўскага сваёй паэтычнасцю, арыгінальнасцю і лірычнымі момантамі. Арыі з оперы "Іаланта" сталі сапраўднымі хітамі. У суботні вечар на сцэне Вялікага тэатра - нашы оперныя зоркі: Анастасія Масквіна, Эдуард Мартынюк, Андрэй Валенцій і Станіслаў Трыфанаў.

І зноў музыка Пятра Ільіча Чайкоўскага - самага казачнага кампазітара ўсіх часоў. Балет "Шчаўкунчык" на сцэне Вялікага тэатра Беларусі амаль увесь тыдзень перад Божым Нараджэннем.

Гэты святочны спектакль па-дзіцячаму добры і шчыры і па-даросламу філасофскі і шматгранны. У спектаклі пра зачараванага Шчаўкунчыка, дзе ажываюць лялькі, шэрыя мышы становяцца каралямі, а маленькія дзяўчынкі – прынцэсамі, удзельнічаюць не толькі артысты беларускага балета, але і навучэнцы харэаграфічнай гімназіі-каледжа.

Кожны балет пачынае навагодняя праграма ў фае тэатра, а на другім паверсе ёлку ўпрыгожваюць героі са спектакляў Тэатра оперы і балета, зробленыя дзецьмі і іх бацькамі для ўдзелу ў штогадовым конкурсе "Навагодняя тэатральная цацка", які праводзіцца чацвёрты раз.

У суботу 6 студзеня - "Ноч перад Раством". У знакамітай Дзіканьцы Гогаля перадкалядная ноч багатая на прыгоды, жарты і цуды! Купалаўскі тэатр прапаноўвае спектакль з любімымі артыстамі.

Тэатральная фантазія ў дзвюх дзеях паводле Мікалая Гогаля ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. У Дзіканьцы сцэнічнай артысты яшчэ і ўражваюць сваёй тэатральнай фантастычнасцю: Вакула лётае ў Пецямбург на ракеце, казакі сядзяць папросту на даху палаца Кацярыны II, а Чорт чытае самога Гогаля. Усё гэта стварае святочна-прыгодніцкую атмасферу, якую можна адчуць не толькі перад Раством.

У праграме нядзельных ранішніх спектакляў для дзяцей адразу два "Марозкі"! Адзін у Тэатры лялек, другі - у Моладзевым. Выбірайце! Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы!