Рубрыка "Праменад"

27 января 2017

Майстэрства беларускіх мастакоў - адразу ў некалькіх галерэях Мінска. Віцебская школа графікі - у Нацыянальным мастацкім музеі, а скульптура з жывапісам – у Цэнтры сучасных мастацтваў. Вялікі тэатр заўтра ставіць "Макбет". З падрабязнасцямі Ларыса Гулякевіч і рубрыка "Праменад".

Віцебская мастацкая школа звычайна асацыіруецца з Шагалам, аднак у гэтага горада ёсць традыцыі і ў іншых напрамках жывапісу і графікі. Каля 50 твораў прадстаўнікоў віцебскай школы гравюры - на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Віцебск у ХХ стагоддзі стаў не толькі адметным цэнтрам развіцця авангарднага мастацтва, месцам фарміравання своеасаблівай віцебскай школы, але і адыграў значную ролю ў развіцці беларускага эстампа. Дзве лакальныя з’явы знамянуюць этапы даволі яскравага развіцця віцебскай гравюры, якая прадстаўлена двума роднаснымі графічнымі тэхнікамі - дрэварытам (ксілаграфіяй) і лінарытам (лінагравюрай).

Гэтыя стылістычна блізкія тэхнікі гравюры мелі свой уласны шлях развіцця і разам з тым паспрыялі фарміраванню даволі цэласнай графічнай школы, у якой выразна праявілі сябе некалькі пакаленняў віцебскіх мастакоў. Некаторыя з іх прыехалі на адкрыццё выставы.

“Чалавек і чалавек”. Гэта праект жывапісу і скульптуры беларускіх сучасных майстроў. Канцэпцыя такая: чалавек імкнецца зразумець і адлюстроўвае іншага чалавека ці можа самога сябе. Мастацкія разважанні - у Цэнтры сучасных мастацтваў на Някрасава, 3.

У цэнтры ўвагі мастакоў, якія наследуюць ідэі Адраджэння, непасрэдна чалавек з яго пачуццямі і разважаннямі, перамогамі і няўдачамі, радасцямі, надзеямі і страхамі. Кожны з мастакоў ва ўласцівай яму манеры раскрывае свой унікальны вопыт і прапануе адлюстраваныя на паверхні палатна ці ў аб’ёмнай форме думкі, якія хвалююць яго ў гэтым кантэксце. Пазнаёміцца з творчымі даследаваннямі мастакоў-псіхолагаў у скульптуры і жывапісе можна ў Цэнтры сучасных мастацтваў да 25 лютага.

Вялікі тэатр Беларусі дае оперу "Макбет" паводле аднайменнага твора неўміручага Шэкспіра.

Твор "Макбет" звязаны з імёнамі двух геніяў: бацька оперы - Джузепе Вердзі і аўтар трагедыі - Уільям Шэкспір. Гэта псіхалагічны спектакль, прасякнуты эмоцыямі ў шырокім дыяпазоне - як вакальным, так і літаратурным. Опера вельмі складаная ў выкананні і не кожнаму тэатру яна па плячах. Самыя складаныя партыі ў лэдзі Макбет і самога Макбета. Дуэты доўжацца па 20 хвілін. Такія партыі - толькі для сапраўдных прафесіяналаў. Таму Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Беларусі ганарыцца спектаклем, які каля года ўпрыгожвае афішу тэатра.

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае на культурна-масавае мерапрыемства "Зімовыя забавы".

Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.