Рубрыка "Праменад"

18 мая 2018

Сёння ў Мінску пачаўся Міжнародны фестываль тэатраў лялек, прыхільнікаў мастацтва чакае і ноч музеяў. Культурныя выхадныя з Ларысай Гулякевіч і рубрыкай "Праменад".

Адна з самых яскравых падзей гэтых выхадных – дзясяты Міжнародны фестываль тэатраў лялек, які пачынаецца ужо сёння. Тэатральнае мастацтва не мае межаў і развіваецца з дапамогай не толькі новых тэхналогій, але і, безумоўна, новых ідэй. У Мінск прыязджаюць калектывы з сямі краін свету.

Адкрывае форум сёння Брэсцкі тэатр лялек спектаклем "Новая зямля" паводле Якуба Коласа. А французскі тэатр pupella-noguès пакажа спектакль "Убю". На сцэне тры персанажы: два акцёры і адна лялька.

Увогуле за чатыры дні можна будзе паглядзець 14 спектакляў на пяці пляцоўках. У нядзельнай праграме форуму пастаноўкі Ірана, Балгарыі і Расіі, а ў суботняй - прэм'ера "Сёстры Граі" тэатра "Батлейка" з Маладзечна ў пастаноўцы Яўгена Карняга.

Мінск, як і іншыя еўрапейскія сталіцы, праводзіць міжнародную акцыю "Ноч музеяў". 19 мая музейныя дзверы адчынены для наведвальнікаў пасля захаду сонца і амаль да раніцы. Усё залежыць ад фантазіі і магчымасцяў музейных работнікаў. Напрыклад, начная тэма Мастацкага музея - форма колеру.

14 лакацый, дзе не толькі жывапісныя творы, але і харэаграфічныя пастаноўкі, электронныя імправізацыі, лічбавыя пляцоўкі, а таксама лекцыі. Праграма пачнецца а 19 гадзіне і прадоўжыцца да 2 ночы.

А ў Нацыянальнага гістарычнага свая праграма. Ажывуць ілюстрацыі Сальвадора Далі да "Боскай камедыі" Дантэ Аліг'еры. Тут можна будзе згуляць у косці з Вітаўтам і Ягайлам, расшыфраваць піктаграмы з першабытным чалавекам, а таксама атрымаць адзін чаравічак і паспрабаваць адшукаць сярод наведвальнікаў сабе пару.

Да таго ж убачыць эпатажныя туфлі з пёрамі Лэдзі Гагі альбо лыжныя чаравікі Дар'і Домрачавай. Тут адкрыта адмысловая экспазіцыя абутку ХХ стагоддзя. Боты японскай арміі, унты лётчыка - увогуле больш за паўсотні пар: ад саламяных лапцей і валёнак да бальных туфляў. У дворыку музея дызайнерскія сувеніры ад Уладзіміра Цэслера. Усе мерапрыемствы прадоўжацца да гадзіны ночы.

Музей "Лошыцкая сядзіба" другі раз далучаецца да ночы музеяў і прапануе праграму "Зялёны камін у Лошыцкай сядзібе".

Нясумных выхадных!