Міжнародны фестываль Minsk Winter Jazz, касцюмы для оперы і балета, а таксама супрэматызм і экспрэсіянізм у музеях Мінска.
Такую праграму для закаханых на ўсе святочныя выхадныя падрыхтавала Ларыса Гулякевіч у рубрыцы "Праменад". Лепшы падарунак для закаханых - разам правесці рамантычны вечар. Джазавы фестываль - тое, што трэба. Сусветная класіка джазавых зорак і сучасны ф’южн ад музыкантаў з розных краін у Мінску усе выхадныя. На тры дні, з 14 па 16 лютага, Мінск апынецца у святочным настроі Міжнароднага фэсту Minsk Winter Jazz 2020. Нездарма канцэрт-адкрыццё прыпадае на самае рамантычнае свята - Дзень святога Валянціна. Сярод музыкантаў спявак з Вялікабрытаніі Кліўленд Уоткіс. Выдатны беларускі гурт Apple Tea "пачастуе" гасцей фестывалю сваёй новай праграмай. Увогуле адбудуцца выступленні лепшых джазавых музыкантаў з Вялікабрытаніі, Швецыі, Даніі, Францыі, Польшчы і Беларусі. Майстар-класы бясплатныя.
Як ствараюцца тэатральныя касцюмы і адаптуюцца, распрацоўваюцца оперныя і балетныя вобразы? Экспазіцыя ў Гістарычным музеі прысвечана майстру гэтай справы - мастаку-пастаноўшчыку Кацярыне Булгакавай. Яна паходзіць з сапраўднай творчай дынастыі. Яе бацькі таксама мадэльеры і мастакі. Кацярына Булгакава прымала ўдзел у афармленні звыш 25 спектакляў. Адна з самых гучных апошніх яе работ - праца над балетам "Анастасія", дзе Кацярына адаптавала касцюмы XV стагоддзя пад сцэну без страты гістарычнай дакладнасці.
У суседняй зале Гістарычнага музея - выстава 35 партрэтаў жанчын, якія натхняюць аднаго мастака. На самай справе гэта ўсё адна жанчына – Вольга. Мастак паказаў на палотнах сваю музу ў розных узростах і вобразах. Выстава працуе да 22 лютага. Гульня святла і цені, узаемадзеянне каляровых палёў, яскравыя лініі - тыя інструменты, якімі карыстаюцца ў стварэнні работ тры латвійскія мастачкі. Сумесны праект сапраўдных абстрактных экспрэсіяністак адкрыўся ў Цэнтры сучасных мастацтваў.
Мастачкі з Латвіі, натхнёныя цудам пейзажаў, аб'яднаны пачуццём прыналежнасці да творчасці сусветна вядомага земляка - мэтра латвійскай абстракцыі Марка Роткі. З'явы прыроды кожная бачыць па-свойму. Работы з Латвіі можна ўбачыць да 8 сакавіка.
"Нас зразумеюць праз 100 гадоў". Рэтраспектыўная выстава твораў знакамітага мастака-авангардыста і першага ў свеце супрэматысцкага архітэктара Лазара Хідэкеля адкрываецца ў Нацыянальным мастацкім. Падзяліце ўражанні разам.
Унікальная выстава, прымеркаваная да 100-годдзя з дня заснавання аб’яднання УНОВИС ("Сцвярджальнікі новага мастацтва"). Каля 100 работ са збору сям’і Лазара Хідэкеля прыехалі ў Мінск з Нью-Ёрка. Тут прадэманстраваныя розныя перыяды - ад ранніх кампазіцый, выкананых 15-гадовым юнаком, да архітэктурных і экафутурыстычных праектаў канца 1920 - пачатку 1930 гадоў. "Горад-сад", "Аэрагарады", "Горад на апорах" і "Касмічнае жыллё". Супрэматысцкая рашотка, або добра вядомы ва ўсім свеце хэштэг - элемент, які Хідэкель у выніку творчага пошуку вывеў з "Чорнага квадрата" Малевіча. Хэштэг - гэта яшчэ і адсылка да IT-сферы, якой сёння славіцца Беларусь.
Тэму сцвярджэння новага мастацтва працягвае Музей гісторыі беларускага кіно, дзе свае творы паказваюць выкладчыкі і студэнты кафедры графічнага дызайну Акадэміі мастацтваў. Прыемных і нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.
Рубрыка "Праменад"
14 февраля 2020