Рубрыка "Праменад"

15 апреля 2016

Каралева Вясна ўступіла ў свае правы. Оперныя арыі ад птушак і ярка-зялёныя карціны на шэрым фоне. А ў паветры - подых натхнення. У мастацкай гасцёўні Уладзіслава Галубка ўжо рыхтуюцца да праваслаўнага Вялікадня. Музей Янкі Купалы прэзентуе выставу дынастыі Аракчэевых, а ў кінатэатры "Масква" - нямое кіно пад сучасную музыку. Падрабязнасці нясумнага ўікэнда - у рубрыцы «Праменад» з Ларысай Гулякевіч.

У музейнай гасцёўні Уладзіслава Галубка, што ў Траецкім прадмесці, - новая выстава, прысвечаная гісторыі святкавання Вялікадня ў Пецярбургу ў 19-20 стагоддзях.

У экспазіцыі - творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фатаграфіі, плакаты і іншыя прадметы, якія расказваюць аб традыцыйных велікодных падарунках і стравах, народных гуляннях. Дзяржаўны музей гісторыі Санкт-Пецярбурга прадстаўляе фотаздымкі святкавання Вялікадня ў Пецярбургу ў 19-20 стагоддзях. У сталіцы Расійскай Імперыі велікодныя ўрачыстасці заўсёды адыгрывалі ролю грамадскага агульнагарадскога свята. Побач з абрадавымі мелі месца і свецкія традыцыі.

“Плывуць леты, нібы рэкі…” - мастацкая выстава пад такой назвай адкрылася з нагоды 90-годдзя славутага мастака Беларусі Барыса Аракчэева.

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы прэзентуе работы заслужанага дзеяча мастацтваў, кавалера ордэна Францыска Скарыны мастака Барыса Уладзіміравіча Аракчэева, менавіта ў гэты вясенні час невыпадкова. Дачка мэтра Аксана Аракчэева, працягваючы мастацкую дынастыю, штогод ладзіць своеасаблівую справаздачу - сумесную выставу твораў. Сёлета дэманструюцца творы Барыса Аракчэева, якія яшчэ ніколі не экспанаваліся. Сярод іх - эцюды і малюнкі 1950–60-х гадоў, нават заданні па чарчэнні 1952 года, зробленыя падчас навучання ў Мінскай мастацкай вучэльні. Аксана Аракчэева пакажа на выставе і свае творы. Гэта партрэты сваіх сяброў, зробленыя ў апошнія гады.

Фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі «Кінема» адкрывае новы сезон фільмамі Альфрэда Хічкока ў кінатэатры "Масква" пад жывую музыку.

На працягу двух суботніх вечароў 16 і 30 красавіка ў сталічным кінатэатры «Масква» дэманстрацыя адрэстаўраваных рэжысёрскіх версій нямога кіно. Стужка «Жылец» Альфрэда Хічкока 1927 года 16 красавіка пад музычнае суправаджэнне, напісанае Вольгай Падгайскай, у выкананні сімфанічнага аркестра музычнай капэлы «Санорус» пад кіраўніцтвам Аляксандра Хумалы.

Дарыце прыемныя моманты адзін аднаму! Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.