Рубрыка Праменад

12 июля 2013

Перазагрузка Зацюканага апостала ў Рускім тэатры, аўтарскія выразанкі ў сталічнай галерэі і кінамарафон да самай раніцы. Чаго яшчэ чакаць ад гэтага ўікэнда ведае Ніна Мажэйка.


Хрэстаматыйны твор на тэатральных падмостках. Драматычны тэатр імя Максіма Горкага прэзентуе варыяцыю на п'есу Андрэя Макаёнка Зацюканы апостал.


Праўда, рэжысёр Барыс Луцэнка назву змяніў на больш лёсапрадказальную - Аракул. Трагедыя, камедыя і мюзікл у адным сюжэце.


Дарэчы, 2013 год для тэатра юбілейны. На сцэне драматургія выключна беларускіх аўтараў. Прэм'ера спектакля ўжо праз некалькі хвілін. І вы яшчэ маеце ўсе шанцы паспець.


Прэм'ера да закрыцця сезона. Горкаўскі тэатр падрыхтаваў апошні (перад кароткай летняй паўзай) гасцінец для сталічных тэатралаў. Аракул - пастаноўка па-за рамкамі часу. Пра гэта гаворыць не толькі сцэна і дэкарацыі. Спецыяльна да прэм'еры былі напісаны зонгі ці сатырычныя кампазіцыі.


Маленькі Гамлет - менавіта так спектакль называюць у кулуарах. Галоўны герой - 10-гадовы хлопчык, яго іграе дарослы акцёр, які намагаецца вырашыць праблемы ўсяго чалавецтва ўвогуле. Персанаж верыць у тое, што можа прадказваць лёсы. Адсюль і містычная назва Аракул.


Адрэзкі жыцця. Культавы персанаж зусім не свецкай хронікі, наадварот, адыёзная фігура мінскага андэграўнда Юра Вінаград прэзентуе сваю рэтраспектыву. Retrospectare - менавіта так называецца выстава. Асноўны матэрыял, з якім працуе не проста мастак - рыцар сумнага вобраза, звычайная папера. Стварыў нават новы напрамак - выразанкі. Персанальнай студыі ў Юры Вінаграда няма. З-за таго, магчыма, і з'явіўся аўтарскі стыль. Папера - матэрыял, які амаль што заўсёды пад рукой. Але не толькі яна. Прадметамі стэрыльнага творчага асяроддзя становяцца знаходкі аўтара - аконныя рамы, дзіцячыя боцікі. Гэта надае кампазіцыі вінтажнасці. Экспазіцыя размясцілася на новай выставачнай пляцоўцы ў галерэі Артплац. Зазірнуць у душу аўтара праз яго працы магчыма да 18 ліпеня.



Ноч кіно. А калі яшчэ глядзець фільмы? Гэтым пытаннем задаліся арганізатары і вырашылі не зачыняць уваход у кіназалу пасля апошняга сеанса. Да 7:30 гадзін раніцы ў Доме кіно навінкі сусветнага кінематографа. Фантастычны баявік, вестэрн і трылер за адну ноч.


Усю ноч будзе працаваць бар. Для кінаманаў прадугледжана і забаўная праграма. У перапынках наведвальнікаў чакае выступленне кавер-бэнда, фотасесія ад прафесійнага фатографа, гульня ў Мафію, а таксама розыгрыш пуцёўкі ў Санкт-Пецярбург.



З 15 да 17 гадзін у чырвоным дворыку, што знаходзіцца на вуліцы Рэвалюцыйнай, будуць мяняцца паштоўкамі.


Такіх людзей называюць пасткросерамі. І ў іх, аказваецца, ёсць сваё так бы мовіць прафесійнае свята - Дзень пасткросінгу, што і прыпадае на нядзелю. Пасткросеры па ўсім свеце збіраюцца ў цэнтры горада, каб падзяліцца не толькі эмоцыямі, але і новымі творчымі тэхналогіямі.


Не забываюцца і пра аматараў. Для іх прадугледжаны майстар-класы па стварэнні аўтарскай паштоўкі, выступленні музыкантаў і нават тэатральная пастаноўка.


Такім будзе ўік-энд. Паглядзіце на яго ў культурным ракурсе. Не адмаўляйце сабе ў здавальненні.