Рубрыка "Праменад"

7 сентября 2018

Дзень горада абяцае быць насычаным і на культурныя падзеі. Кожны музей падрыхтаваў тэматычныя экспазіцыі. А ў нядзелю - свята дружбы "Італія - Беларусь" каля гарадской ратушы. Падрабязнасці ў Ларысы Гулякевіч.

У нядзелю Верхні горад запрашае на свята Італіі. Сёлета нацыянальны фэст пройдзе з асаблівым размахам. Італьянская кухня, музыка, танцы і шмат сюрпрызаў. Некаторыя з іх раскрые надзвычайны і паўнамоцны пасол Італіі ў Беларусі Марыа Бальдзі.

Марыа Бальдзі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Беларусі: "Нашых гасцей чакае музыка, тэатр, італьянская кухня, спартыўныя мерапрыемствы. Спадзяемся, што надвор'е нам паспрыяе. Прыедуць з Італіі музычныя гурты, лялечны тэатр "Воз комікаў", парадуе мінчан і яскравае піца-шоу з акрабатамі. На фуд-корце можна будзе пачаставацца ўсім - ад пасты да марожанага. Да таго ж, модны паказ і майстар-клас ад італьянскага цырульніка. Свята ў Верхнім горадзе пачнецца а 12-й гадзіне і будзе доўжыцца да дзесяці вечара - італьянскі падарунак гораду Мінску".

Да таго ж, на галоўнай сцэне Верхняга горада выступіць беларуска-італьянскі Тота Кутуніа, юны талент Рафаэле Пападзія і хэдлайнер свята Мэцью Лі - вядомы італьянскі музыкант. Свята дружбы "Італія - Беларусь" пройдзе ў Мінску трэці раз.

Дзень горада адзначаецца культурна і змястоўна ва ўсіх сферах. Кожны музей падрыхтаваў сваю праграму. Толькі ў гістарычным музеі Беларусі адкрыліся тры выставы.

Адна з новых экспазіцый прысвечана культуры Лацінскай Амерыкі. Экспазіцыя налічвае каля 100 карцін двух мастакоў: Пэдра Вальдзіўеса з Эквадора і беларуса Юрыя Падоліна. На выставе, якая прадоўжыцца да 18 верасня, прапанаваныя таксама фотаработы аўтараў з Эквадора.

Выстава, прысвечаная Сярэбранаму веку Расіі, ператварыла гістарычны музей ў ювелірны дом. 150 рарытэтаў расійскага гістарычнага музея, залатыя і сярэбраныя вырабы, упрыгожаныя каштоўнымі камянямі. Адзін з галоўных экспанатаў выставы - знакамітыя яйкі Фабержэ. Выстава працягнецца да 7 лістапада.

Людзі, якія вядуць здаровы лад жыцця, могуць паўдзельнічаць у Мінскім паўмарафоне 9 верасня. Нясумных выхадных!