Рубрыка Праменад

5 июля 2013

Плануем выхадныя разам. Афішу на гэты ўік-энд глядзіце ў нашай культурнай рубрыцы Праменад.


Каровіна ўрбанізацыя. Натураліст Раман Рамановіч паказаў свой летні праект у Галерэі сучаснага мастацтва Ў. Падчас назіранняў вырашыў дарэмна не губляць час і зрабіць свае інтэрпрэтацыі высакароднага фасу буйной рагатай жывёлы. Так атрымалася цэлая серыя гуашавых партрэтаў. Наів, яго яшчэ называюць прымітывізмам з часоў Пірасмані і Шагала, даўно мяжуе з прафесіянальным рэалізмам.


Людзі - жывёлы. Ці жывёлы - людзі? Менавіта на гэтае пытанне творча паспрабаваў адказаць вольны мастак. Выкарыстаў падыход жывапісца-натураліста, які сваё натхненне чэрпаў з прыроды. Ездзіў па краіне - збіраў эмоцыі. Пакуль пісаў з натуры, паспеў загарэць. Трохі больш даведацца гараджанам пра жвачных і зацаніць каровін стайл можна на працягу месяца. А яшчэ... прапусціць кубачак малака.


Дыскатэка ў музеі. На танцавальныя майстар-класы запрашае Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. У экспазіцыйных залах у бліжэйшую суботу - пробныя ўрокі бачаты, сальсы і ліндзі-хопа. Дарэчы, гэтая манера рухацца апошнім часам збірае ўсё больш ахвотнікаў. Афраамерыканскі танцавальны стыль з'явіўся ў Нью-Ёрку яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. Танцаваць і глядзець могуць усе без узроставых абмежаванняў.


Аўтарская друкаваная графіка ў форме вытанчанай метафары. У вялікай экспазіцыйнай зале - работы студэнтаў майстэрні шаўкаграфіі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Катавіцы (Польшча). У работах перакрыжоўваюцца самыя разнастайныя сюжэтныя лініі - маці Тэрэза суседнічае з работамі ў стылі ню, а істота, падобная да алігатара, - з зусім абстрактнымі палотнамі.Ну і куды ж без графічных экзерсісаў. Шматслойнасць нанесеных ліній адсылае да камп'ютарных мікрасхем. Паглядзець на сінтэз новых тэхналогій з захаваннем старажытных традыцый магчыма да 13 ліпеня.


Акцыя Чытанне ва ўсім горадзе, якая адбудзецца ў нядзелю, прапагандуе новы спосаб бавіць час душным летам. Роўна ў 13:30 па мінскім часе ва ўсіх вагонах мінскага метрапалітэна з'явяцца яны - людзі з кнігамі. Акрамя падземнай тэрыторыі, моладзь будзе асвойваць і наземную. Па горадзе расклеяць крэатыўныя плакаты на тэму чытання. Электронныя кнігі, вядома ж, дарыць не будуць, але прыемныя бонусы ўсё ж такі ёсць. Усе дзяўчаты з кнігамі ў руках, якія сустрэнуцца на шляху асветніцкай дэлегацыі ў парках горада, атрымаюць па прыгожай кветцы. Такім будзе ўік-энд, паглядзіце на яго ў культурным ракурсе. Не адмаўляйце сабе ў задавальненні.