Рубрыка Праменад

4 апреля 2014

Фотавыстава з акцэнтам на homo sapiens, сімфарок з пагонамі ў выкананні беларусаў і артысты тэатра і кіно замест псіхолагаў.


З падрабязным спісам культурных падзей на гэты ўікэнд Ніна Мажэйка. Поўны транс і ніякай фанеры. Зорны марш у сталічных клубах працягваецца. Сёння ўвечары ўпершыню ў Мінску Лорын Зінеб Нора Талхаўі. А пакуль вы штурмуеце Вікіпедыю, падкажу: спявачка мараканска-берберскага паходжання, якая ўсіх увяла ў эйфарыю ў 2012.


Шведская дзіва поп-сцэны праспявае кампазіцыі з дэбютнай пласцінкі, якую выпусціла адразу пасля Еўрабачання, а таксама новыя трэкі з дыска, над якім працуе зараз. Зразумела, не абыйдзецца без ёга-танцаў.


Выконвае свае песні Лорын прынцыпова ўжывую. І, пагаворваюць, цесна ўзаемайдзейнічае з залай. Пачатак шоу ў 11 гадзін вечара. Набыць білеты можна на ўваходзе. Але спяшайцеся, эксклюзіўныя адзінкі абмежаваныя.


Несправядлівасць выпраўлена. Гурт Бі-2 усё ж выступіць на гістарычнай радзіме з сімфанічным аркестрам. Гэтыя калісьці сяржанты паспяхова дараслІ да палкоўнікаў сцэны і абзавяліся акадэмічнымі музыкантамі. 5 красавіка ў Мінск-Арэне прагучаць хіты ў сімфанічнай апрацоўцы.


Да таго, хлопцы з Бі-2 перакрэслілі тэорыю пра тое, што хваля папулярнасці дасягае свайго апагея толькі адзін раз. У свежым кліпе сталі моднымі хіпстарамі. Акадэмічныя гальштук і бабачку змянілі на вузкія джынсы і майку з прынтом. У відэа ўзялі ўдзел Ксенія Сабчак і Філіп Бядросавіч, нават канкурэнты Найк Барзоў і лідар гурту Чайф.


Шура і Лёва ўжо ў родным Мінску. Так што, глядзіце па баках - магчыма, куміры дзесьці побач.


Фотагастролі працягваюцца. Другі міжнародны фестываль фатаграфіі крочыць па сталіцы. І зноў мяняе галоўную пляцоўку. На гэты раз асвойвае новую прастору Цэнтра сучасных мастацтваў. Тут фатографы з Малдовы, Украіны і Беларусі ўжо зманціравалі наступную порцыю прыгажосці. У аб'ектывы да гэтых майстроў трапілі людзі і тое, што знаходзіцца побач з імі. Так каманда з Украіны Лук - у сэнсе пункт гледжання - даказалі, што якаснае фота можна зрабіць і сваімі сіламі. А не толькі з дапамогай каштоўнай фотаапаратуры. Паглядзець, што трапіла ў кадр, можна да канца месяца.


Фідбэк ад Станіслава Садальскага. Прасцей кажучы, артыст прыедзе ў Мінск на сваю творчую сустрэчу, каб атрымаць порцыю зваротнай сувязі з беларусамі. Так і хочацца сказаць: са сваякамі-землякамі, паводле версіі культавых Белых Рос, такі фармат для скандальна вядомага акцёра, журналіста і народнага блогера незвычайны і амаль дэбютны. Дагэтуль шчыра і адкрыта размаўляў са сваім гледачом толькі адзін раз.


Садальскі яшчэ і ўладальнік фенаменальнай памяці, ведае мільён анекдотаў, якія шпарка задзейнічае пад гісторыі з жыцця. Творчую бомбу рыхтуюць на пляцоўцы Палаца культуры прафсаюзаў у нядзелю.


Весялімся пад рытмы Танцора дыска разам з Зітай і Гітай. Балівуд-паці ў суботу ў адным са сталічных клубаў. Яркія касцюмы, індыйскія песні і танцы, нават сапраўдны Джымі-вядучы! Хто ж не марыў прымераць сары, пасмакаваць кары і паставіць чырвоную кропачку паміж бровамі. Усё гэта магчыма, і ніякіх авіяпералётаў!


Усю ноч да раніцы будзем слухаць індыйскіх дыджэяў з беларускай прапіскай і, зразумела, танцаваць пад сафітамі і ўспышкамі фотакамер.


Такім будзе ўікэнд. Паглядзіце на яго ў культурным ракурсе. Не адмаўляйце сабе ў задавальненні.