Рубрыка "Праменад"

4 мая 2018

Канцэрт да Дня Перамогі рыхтуе Вялікі тэатр Беларусі, на выставу з перформансам ад беларускіх харэографаў запрашае Нацыянальны мастацкі музей. А заўтра там дзіцячы дзень па-карэйску.

Плануем культурныя выхадныя з рубрыкай "Праменад" і Ларысай Гулякевіч. 7 карцін, 7 дзён, 7 перформансаў у праекце "Айвазоўскі і марыністы", дзе жывапіс, рух і танец існуюць разам. Нацыянальны мастацкі музей запрашае на выхадныя.

Мовай танца данесці сэнс жывапіснай карціны, асабліва калі гэта марскія пейзажы самога Айвазоўскага. У Нацыянальным мастацкім у гэтыя выхадныя ў 17:30 беларускія харэографы ў пластычным танцы дэманструюць па адной карціне на выставе "Айвазоўскі і марыністы". 7 карцін і 7 перформансаў стануць цудоўным сінтэзам выяўленчага і музычна-харэаграфічнага вобраза і завяршэннем гэтага праекта.

А на карэйскай выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі ўсю суботу - свята для дзяцей з гульнямі і майстар-класамі. Менавіта 5 мая ў Карэі – Дзень дзіцяці.

Дзяцінства аднолькавае і ў Карэі, і ў Беларусі, і ў іншых частках свету. У што гуляюць за 8 тысяч кіламетраў ад Мінска, чым жывуць і аб чым мараць у краіне пад назвай Дзяцінства. Дзіцячы дзень пройдзе на выставе "Карэйскі дэкаратыўны жывапіс 19-га - пачатку 20-га стагоддзяў".

Песні ваенных гадоў у Вялікім тэатры Беларусі! Канцэрт прысвечаны Дню Перамогі з удзелам артыстаў оперы і балета. Пачатак у 18 гадзін у Вялікай зале 6 мая! "Балада пра салдата", "Сіняя хустачка", "Кацюша", "Майскі вальс", "Эх, дарогі…". Канцэрт, прысвечаны Вялікай Перамозе, стаў традыцыйным для беларускага Вялікага. Народныя артысты Беларусі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў, а таксама артысты балета і хору падораць сапраўднае свята. А ветэраны, дзеці з бацькамі, дзядулі і бабулі з унукамі, словам, людзі розных пакаленняў ім падпяюць з залы для гледачоў.

Дарэчы, пачынаючы з 6 мая, за гадзіну да пачатку спектакляў сімфанічны аркестр падорыць музычную праграму перад уваходам у Вялікі тэатр. Нясумных выхадных!