Рубрыка "Праменад"

4 сентября 2015

Выстава шэдэўраў Траццякоўскай галерэі адкрыецца заўтра ў Нацыянальным мастацкім музеі. У экспазіцыі 79 работ. А вось аматарам народных традыцый прапануюць наведаць фолк-фестываль. Лепшыя калектывы з Беларусі, Украіны, Польшчы, Эстоніі і іншых краін збяруцца ў Мінску. Дзе і як можна правесці выхадныя, раскажа Ларыса Гулякевіч.

Шэдэўры Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Мінску. Выстава “Ад рэалізму да імпрэсіянізму” адкрыецца заўтра ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. На выставе будуць прадэманстраваны 79 работ ад Саўрасава да Грабара, ад Рэпіна і Шышкіна да Каровіна.

Падарожжа “Ад рэалізму да імпрэсіянізму” даўжынёй у сто гадоў і шлях эвалюцыі пейзажнага жывапісу Расіі. Выстава адкрыецца заўтра, а пакуль шэдэўры з беларускага музея сустракаюцца са сваімі расійскімі “сёстрамі”. Напрыклад, шэдэўр Архіпа Куінжі “Бярозавы гай” ёсць у некалькіх варыянтах, адзін з іх у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, другі у Траццякоўцы.

Разам з палотнамі рускіх майстроў у Мінск прыбылі карціны ўраджэнцаў Беларусі, мастакоў-пейзажыстаў Станіслава Жукоўскага і Фердынанда Рушчыца, якія атрымалі шырокае прызнанне не толькі ў Расіі, але і ў краінах Еўропы.

Сёмы фольк-фестываль “Камяніца”. Гэта свята для ўсіх, каму цікавы беларускія народныя традыцыі і іх сучаснае ўвасабленне. Месца правядзення - жывапісная тэрыторыя Музея народнай архітэктуры і побыту.

Аснову музычнай праграмы складаюць лепшыя фольк-калектывы з Беларусі, Украіны, Польшчы, Эстоніі і іншых краін. Адным з завяршальных акордаў фестывалю гэтага года стане выступленне музычных груп у такіх напрамках як фолк-метал, фолк-рок з афрыканскімі матывамі. Гасцей музея чакае вялікі кірмаш нацыянальнай культуры з народнымі рамёствамі, танцамі, гульнямі і выставамі.

Кацярына Вялікая. Як сціплая нямецкая прынцэса стала вялікай рускай імператрыцай. Спектаклі Свярдлоўскай музкамедыі на гастролях у Мінску ўвесь верасень.

На самай справе тэатр, які з аншлагамі сустракае Мінск ужо трэці раз, носіць назву Свярдлоўскі дзяржаўны акадэмічны тэатр музычнай камедыі. Але шматгадовы брэнд тэатра – Свярдлоўская музкамедыя. У гастрольнай афішы – мюзіклы, аперэты, музычныя спектаклі як для дарослых, так і для дзяцей.

Не прапусціце Сусветны дзень танга. Танцуем сёння ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.